Украіна разлічвае на ўвядзенне бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам ужо ў верасні

3 июня 2016

Пра гэта журналістам заявіў прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка падчас сваёй прэс-канферэнцыі. Ён адзначыў, што пытанне візавай лібералізацыі паміж Украінай і ЕС засталося разгледзець Савету міністраў унутраных спраў Еўрасаюза і Еўрапарламенту. Пры гэтым Парашэнка выказаў упэўненасць, што рашэнне будзе пазітыўным. Акрамя таго, украінскі лідар закрануў тэму правядзення выбараў у Данбасе. Паволе яго слоў, яны могуць адбыцца толькі пры ўмове гарантавання належнай бяспекі і выканання шэрагу патрабаванняў, адным з якіх з'яўляецца ўвод у Данбас паліцэйскай місіі АБСЕ. Парашэнка спадзяецца, што гэты працэс будзе ажыццёўлены ўжо да канца года.