Прэзідэнту падалі даклад аб выкананні даручэнняў па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС

26 апреля 2022

26 красавіка - гадавіна чарнобыльскай трагедыі. 36 гадоў прайшло з моманту самай страшнай тэхнагеннай катастрофы. Гэты тыдзень на вышэйшым узроўні традыцыйна прысвечаны вырашэнню праблем далейшага развіцця пацярпелых тэрыторый.  Што зроблена за год? З  дакладам Прэзідэнт прыняў адказных асоб на ўзроўні Адміністрацыі, урада  і ключавых міністраў. Чарнобыльская тэма ніколі не сыходзіць з парадку дня кіраўніка дзяржавы. Рэалізавана 5 праграм па пераадоленні наступстваў трагедыі. Зараз у рабоце шостая.  У цэлым, пачынаючы з 1991 года, на чарнобыльскія мерапрыемствы выдаткавана ўжо 19 мільярдаў долараў толькі бюджэтных рэсурсаў плюс прыкладна столькі ж з іншых крыніц.

Развіццё пацярпелых рэгіёнаў 

Размова ішла аб выкананні даручэнняў па меліярацыі, уцягванні зямель у сельгасабарот - плошчу забруджаных глеб удалося істотна скараціць. Таксама Прэзідэнт нязменна звяртае ўвагу на лесааднаўленне і дрэваапрацоўку. На тэрыторыях, якія вярнуліся да жыцця, захоўваючы ўсе меры бяспекі, людзі актыўна разводзяць пчол, займаюцца конегадоўляй і рыбалоўствам. І як паказвае практыка, даволі паспяхова. 

Значная частка сродкаў дзяржпраграмы  па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ідзе на сацпадтрымку.

Беларусь пайшла па складаным шляху аднаўлення пацярпелых тэрыторый

Чарнобыльская аварыя - горкі вопыт Беларусі. Але на замок пацярпелыя раёны не закрылі, пайшлі па няпростым шляху іх адраджэння пры нязменнай падтрымцы нашага Прэзідэнта. Складана, дорага, але інакш ніяк. Вярталі да жыцця гектар за гектарам, стваралі інфраструктуру і камфортныя ўмовы для жыцця людзей. У прыярытэце было і ёсць  умацаванне патэнцыялу пацярпелых тэрыторый і стварэнне рабочых месцаў.

Прэзідэнт наведае пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС раёны

Цяперашні падрабязны даклад - гэта фактычна падрыхтоўка да будучай паездкі ў паўднёвыя рэгіёны. Прэзідэнт верны сабе - абавязкова штогод бывае на закранутых Чарнобылем тэрыторыях асабіста, глядзіць, чым жывуць пацярпелыя раёны, што хвалюе людзей. Усе запыты выліваюцца ў канкрэтныя даручэнні па аднаўленні зямель і вырашэнні праблем на месцах.