Прэзідэнт сустрэўся са спікерам верхняй палаты інданезійскага парламента

25 мая 2015

Адкрыццё інданезійскага пасольства ў Мінску, вытворчая кааперацыя і ўмацаванне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Гэтыя і іншыя тэмы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння абмеркаваў са спікерам верхняй палаты інданезійскага парламента Ірманам Гусманам. Летась тавараабарот паміж краінамі склаў дзвесце пятнаццаць мільёнаў долараў. У параўнанні з папярэднімі гадамі дынаміка росту - амаль 70%. На сустрэчы бакі сышліся на думцы, што да 25-годдзя дыпадносін - у 2018 годзе - лічба можа дасягнуць рэкорднага мільярда долараў. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэты вынік магчымы за кошт узмацнення не толькі эканамічнага, але і інавацыйнага ўзаемадзеяння.

У 2011 годзе Беларусь адкрыла сваё пасольства ў Інданезіі. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, мы разлічваем на крок у адказ - з'яўленне ў найбліжэйшы час дыппрадстаўніцтва ў Мінску. Ірман Гусман падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за яго ўкладанне ў стабілізацыю сітуацыі, звязанай з падзеямі ва Украіне.