Прэзідэнт сустрэўся з парламенцкай дэлегацыяй Азербайджана

13 октября 2017

Беларусь выступае за ўзмацненне парламенцкага вымярэння ў СНД і іншых інтэграцыйных структурах. Прынцыповую пазіцыю нашай краіны Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка агучыў на саміце лідараў Садружнасці ў Сочы. Прыхільнасць да такога падыходу пацвердзіў і сёння, сустракаючыся з парламенцкай дэлегацыяй Азербайджана. Мінск і Баку - даўнія партнёры. І значны ўклад у двухбаковае супрацоўніцтва можа ўнесці менавіта дэпутацкі корпус. Аб усім падрабязна - Наталля Брэвус.

Можна сказаць, што гэты афіцыйны тыдзень у Мінску праходзіў пад знакам беларуска-азербайджанскага дыялогу. Ён пачаўся з візіту міністра абароны гэтай краіны. Парламенцкая дэлегацыя ў Беларусі з аўторка. Насычаныя атрымаліся дні. Прайшлі перамовы ва ўрадзе і з кіраўніцтвам Нацыянальнага сходу. Дамовіліся аб усебаковым супрацоўніцтве на парламенцкім узроўні. Госці наведалі прамысловыя прадпрыемствы. Напрыклад, пабывалі на Мінскім трактарным, а таксама і ў музеі Вялікай Айчыннай. Гэта была агульная перамога, на агульныя дасягненні разлічваюць і надалей.

Яшчэ савецкае сяброўства дзвюх рэспублік - Беларусі і Азербайджана - стала добрай асновай для дыялогу краін ужо на цяперашнім, новым этапе. Па-сяброўску заўсёды маюць зносіны і лідары Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў. Бачыліся літаральна днямі ў Сочы на палях саміту СНД. Там, вядома, у цэнтры ўвагі былі больш "болевыя месцы" інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Але не забываюць і аб фармаце двухбаковага супрацоўніцтва.

Парламент у Азербайджане аднапалатны. Цяперашні склад дэпутатаў працуе ўжо амаль 2 гады. Як раз спікер Актай Асадаў кіруе дэлегацыяй сваёй краіны ў міжпарламенцкай асамблеі СНД. У Сочы беларускі Прэзідэнт адкрыта выказаўся аб неабходнасці рэформ аб'яднання ў цэлым і, у прыватнасці, аб тым, што ад парламенцкай структуры Садружнасці чакаюць большага. Большай актыўнасці і канкрэтных прапаноў. Гэта прынцыповая пазіцыя беларускага боку. Аляксандр Лукашэнка па сабе ведае, што такое "дэпутацкі хлеб". Таму і настойвае, што парламенцкая пляцоўка Садружнасці - важнае месца для дыялогу, але працаваць павінна больш вынікова.

Беларусь і Азербайджан - даўнія партнёры. На міжнароднай арэне заадно. Рэгулярныя сустрэчы лідараў спрыяюць прасоўванню эканамічнага супрацоўніцтва. У бягучым годзе пераадолелі гандлёвы негатыў - тавараабарот пайшоў уверх. Па выніках гэтага няпоўнага года ў агульнай скарбонцы ўжо амаль 100 мільёнаў долараў. Аснова нашага экспарту ў Азербайджан - тавары машынпрама, дрэваапрацоўкі, шыны, прадукты харчавання, лекі. Беларусь імпартуе з Азербайджана вырабы з алюмінія, прадукцыю нафтахіміі, машынабудавання і сельскай гаспадаркі.

Спікер азербайджанскага парламента яшчэ да пачатку палітычнай кар'еры на працягу шматлікіх гадоў займаў адказныя пасады ў прамысловым сектары. Разумее, наколькі важная гэтая сфера. Пазітыўны прыклад прамысловай кааперацыі краін - Гянджынскі аўтамабільны завод. Тут выпусцілі ўжо амаль 10 тысяч трактароў і амаль 4 тысячы грузавікоў. У верасні паміж МТЗ і прадпрыемствам у Гянджы падпісаны кантракт на пастаўку да канца года дадаткова больш як 400 трактароў. Цікава працаваць разам, але не менш цікавіць вытворцаў Беларусі і Азербайджана прасоўвацца і на рынкі трэціх краін. Напрыклад, Турцыі, Ірана. З гэтага года актыўна развіваецца сетка харчовых магазінаў пад брэндам "Беларускі". Першымі якасць нашых прадуктаў ацанілі бакінцы. Ход у адказ азербайджанцаў - свой гандлёвы дом у Мінску, які адкрыўся вясной.

Гэта не магазін, а, хутчэй, вітрына магчымасцяў Азербайджана. Ад алею і віна да тэкстылю. Гандлёвы дом будзе наладжваць прамыя кантакты паміж вытворцамі і спажыўцамі азербайджанскіх тавараў. Васіф Ісмайылаў ужо больш як 10 гадоў працуе ў Беларусі - адкрыццё падобнай экспазыцыі наспела.

Зараз у нас працуюць больш як паўсотня кампаній з азербайджанскім капіталам. Беларусь у сваю чаргу мае ў гэтай краіне каля 70 прадстаўніцтваў. Азербайджанскія інвестыцыі прысутнічаюць у рэспубліцы. Гэта добра, але можна і больш, лічыць Фарман Юсубаў, прадпрымальнік з азербайджанскімі каранямі. Мінск стаў яго другім домам. Сюды ён пераехаў у сярэдзіне 90-ых. Вывучыўся на менеджара-эканаміста, папрацаваў гандлёвым агентам, адкрыў сваю фірму. Невялікую вытворчасць. У Беларусі ў яго нарадзілася і дачка. Апошнія 8 гадоў пісаў навуковую працу - прысвяціў манаграфію адносінам Беларусі і Азербайджана. Паводле спецыяльных разлікаў прадпрымальніка, Мінск і Баку маюць патэнцыял для павелічэння тавараабароту па меншай меры ў 4 разы.

Менавіта актыўнасць бізнесу можа стаць драйверам росту для агульнай эканомікі краін. Перспектыўнай называюць сферу прамысловасці - прапрацоўваецца магчымасць СП па бытавой тэхніцы і сельгасмашынах. Патэнцыял бачаць у будаўніцтве і банкаўскай сферы. Бізнес ужо сапраўды не выпусціць выгаду. А з падачы парламентарыяў у гэтую працу будуць актыўна ўключацца і рэгіёны дзвюх краін.