Прэзідэнт прыняў з дакладам першага намесніка прэм'ер-міністра Васіля Мацюшэўскага

11 января 2016

Эканамічны курс краіны ўрад узгодніць з экспертамі. Пра неабходнасць шырокага абмеркавання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступныя пяць гадоў выказаўся сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, калі прымаў з дакладам першага намесніка прэм'ер-міністра Васіля Мацюшэўскага. Праграма рыхтавалася ў сярэдзіне 2015 года, з тых часоў базавыя макраэканамічныя ўмовы сур'ёзна змяніліся. У сувязі з гэтым дакумент неабходна актуалізаваць. Пры гэтым, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, пры ўсіх праблемах і складанасцях, якіх будзе яшчэ нямала, трэба думаць пра людзей, пра вытворчасць і развіццё.

У дакладзе Кіраўніку дзяржавы першы віцэ-прэм'ер адзначыў, што ўрад пры падрыхтоўцы свайго бачання эканамічнага развіцця краіны на 2016 год, на сярэднетэрміновую перспектыву аналізуе як мінімум 12 фундаментальных фактараў, якія ўплываюць на развіццё эканомікі. Такі падыход важны для Беларусі, краіны з адкрытай эканомікай, якая рэалізуе на экспарт 60-70% вырабленай прадукцыі.

У гутарцы з журналістамі першы намеснік старшыні ўрада адзначыў, што Беларусь разлічвае пачаць новую праграму з Міжнародным валютным фондам у студзені-лютым. Васіль Мацюшэўскі нагадаў, што нядаўна ў Беларусі працавала чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду. Новая праграма пашыранага фінансавання гатовая. Заставалася адно прынцыповае пытанне - тарыфы ЖКГ. Аднак на сёння праца і над ім амаль завяршылася, разглядаецца і шэраг кампенсацыйных дзеянняў для асобных катэгорый грамадзян.