Прэзідэнт наведаў перспектыўныя прадпрыемствы Мінскай вобласці

30 марта 2018

Падрыхтоўка да пасяўной, будаўніцтва малочна-таварных комплексаў, дыверсіфікацыя рынкаў збыту і вытворчасць у краіне каштоўных парод рыб. Гэтыя тэмы сёння - у цэнтры ўвагі Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку па Мінскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся ходам падрыхтоўкі да вясновых палявых работ, аграрыі засведчылі, што да правядзення кампаніі гаспадаркі краіны ў цэлым гатовыя. Падчас наведвання малочна-таварнага комплексу "Вязанка" Прэзідэнт нагадаў пра яшчэ адно важнае даручэнне - узвядзенне сянажных траншэй - ад гэтага залежыць захаванасць кармоў, а значыць, і сабекошт прадукцыі ў выніку.

Паказчыкі гэтага малочна-таварнага комплексу, які працуе ўжо тры гады ў Дзяржынскім раёне, высокія. Тут атрымліваюць малако выключна экстра-класу. Ад кожнай каровы - 27 кілаграм на суткі. Лабараторыі праводзяць найстражэйшы кантроль якасці сыравіны. Асаблівае дачыненне да селекцыі. Тут стала працуюць над паляпшэннем умоў гадоўлі жывёл. Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў, што ў гэтай пяцігодцы трэба цалкам завяршыць маштабную працу па будаўніцтве і мадэрнізацыі малочных ферм у краіне. Сёння ж Кіраўнік дзяржавы нацэліў урад на пошук новых рынкаў збыту сельгаспрадукцыі ва ўмовах праблем з пастаўкамі ў Расію. Дарэчы, аграрыі ўжо выйшлі на кітайскі рынак. Як стала вядома, у Рассельгаснагляда з'явіліся чарговыя неабгрунтаваныя прэтэнзіі да нашых малочных тавараў. З заўтрашняга дня абмежаванні закрануць некалькі прадпрыемстваў, і гэта прытым, што беларускі бок максімальна настроены на супрацоўніцтва і адкрыты дыялог з расійскімі экспертамі ў пытаннях якасці. Плюс да ўсяго зараз балансы па пастаўцы малочнай прадукцыі яшчэ не падпісаныя. Ёсць меркаванне, што дзеянні Рассельгаснагляда ў тым ліку звязаныя з пастаўкамі ў Расію вялікіх аб'ёмаў сухога малака з іншых краін, у прыватнасці, з Новай Зеландыі.

Ну, а гэтае прадпрыемства дэманструе, што нават без выхаду да мора або вялікіх рэк у Беларусі можна вырабляць чорную ікру! Аквакультурная гаспадарка, дзе выгадоўваюць каштоўныя пароды рыб, знаходзіцца ў Дзяржынскім раёне, яго таксама наведаў Кіраўнік дзяржавы. Сёння асятровыя прыносяць рэнтабельнасць пад 30 працэнтаў. У перспектыве тут збіраюцца да чорнага дэлікатэсу дадаць і чырвоны. Зусім хутка плануюць пабудаваць і завод па вырошчванні ласосевых. Прэзідэнт даручыў і ў далейшым развіваць у краіне падобныя аквакультурныя гаспадаркі. Нагадаем, вытворчасцю каштоўных парод рыб у Беларусі ўжо займаюцца 8 прадпрыемстваў.