Прэзідэнт наведаў дзіцячы цэнтр медрэабілітацыі Пралеска

30 декабря 2013

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння разам з малодшым сынам Мікалаем напярэдадні Новага года наведаў Гарадскі дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі Пралеска. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з жылой і лячэбнай базай і пацікавіўся, наколькі паслугі падобных устаноў запатрабаваныя. Міністр аховы здароўя далажыў, што ў дадзеным цэнтры створаны ўсе ўмовы для лячэння і рэабілітацыі дзяцей, і ён, безумоўна, патрэбен. Нядаўна тут завяршылася рэканструкцыя. Зараз у цэнтры адначасова могуць папраўляць здароўе 180 дзяцей з захворваннямі органаў дыхання, стрававання і зроку. Аляксандр Лукашэнка даручыў у 2014-м годзе правесці аптымізацыю ў сферах аховы здароўя і адукацыі.


Кіраўнік дзяржавы цёпла пагутарыў з дзецьмі, павіншаваў іх з надыходзячымі навагоднімі святамі і ўручыў падарункі: настольныя гульні, упрыгажэнні для пакоя, прысмакі. А глядзець любімыя мультфільмы і казкі дзецям дапаможа новы хатні кінатэатр. Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у дзіцячым навагоднім свяце і разам з маленькімі пацыентамі цэнтра павадзіў карагод.


Яшчэ адным сюрпрызам стала выступленне артыстаў Белдзяржцырка, вялікі святочны торт ад Прэзідэнта і навагодняе чаяванне. Дзеці таксама павіншавалі Кіраўніка дзяржавы з надыходзячым Новым годам і ўручылі падарунак ад дзяцей горада Мінска, а адна з дзяўчынак падарыла Аляксандру Лукашэнка сваю карціну, на якой намалявана казачная птушка шчасця.