Прэзідэнт адкрыў радзільны дом на базе 5-й клінічнай бальніцы

30 декабря 2015

Годны навагодні падарунак усім беларусам, будучым бацькам і новым грамадзянам краіны: сёння Прэзідэнт адкрыў радзільны дом у комплексе 5-й сталічнай гарадской клінічнай бальніцы. Вялізны цэнтр узвялі ўсяго за 4,5 года. Ён аснашчаны самым сучасным абсталяваннем і лепшымі спецыялістамі. Тут здольны выходжваць самых складаных немаўлят і забяспечваць здаровую будучыню ім і мамам. Падзея дазволіла таксама падвесці прамежкавыя вынікі года ў дэмаграфіі і вынікі дзесяцігоддзя маштабнай рэформы аховы здароўя. Сёлета Беларусь упершыню выйдзе на нулявы дэмаграфічны баланс, а з улікам міграцыі жыхароў краіны стане на 17 тысяч больш. У 2,5 раза за дзесяць гадоў скарацілася дзіцячая смяротнасць. Яшчэ адзін вынік - пяць гадоў, уключаючы бягучы, удаецца ратаваць усіх парадзіх. Прэзідэнт назваў гэта сапраўднай і разумнай рэформай медыцыны, паабяцаўшы і надалей падтрымліваць сем'і, якія растуць. Дарэчы, толькі за сённяшнюю раніцу ў радзільным доме 5-й клінічнай бальніцы на свет з'явіліся 6 беларусаў.

Таксама сёння Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў. Гаворачы пра ключавыя знешне- і ўнутрыпалітычныя вынікі і падзеі адыходзячага года, Аляксандр Лукашэнка выдзеліў святкаванне 70-годдзя Вялікай Перамогі і мінскі мірны саміт па вырашэнні ўкраінскай трагедыі. Годны юбілей Перамогі - гэта падзея сусветнага маштабу, падкрэсліў Прэзідэнт. Мірныя перамовы і мінскія пагадненні важныя і ўнікальныя тым, што спынілі кровапраліцце, знялі напружанасць у Еўропе і далі нашым партнёрам у ЗША і Еўрасаюзе падставу "перазагрузіць" адносіны з Беларуссю. Але без фундамента Вялікай Перамогі 45-га новыя дыпламатычныя перамогі праз 70 гадоў былі б немагчымыя, падкрэсліў беларускі лідар. 

Адказаў Прэзідэнт і на пытанні асабістага характару. Напрыклад, чаму падтрымлівае дабрачыннасць, якая набірае папулярнасць у грамадстве. А таксама якія стравы з сабранага сваімі рукамі ўраджаю будуць на святочным стале ў Кіраўніка дзяржавы. Зрэшты, усе сакрэты прэзідэнцкага навагодняга рацыёну мы раскрыем ужо на інфармацыйным канале "Панарама". Не прапусціце сёння вечарам.