А.Лукашэнка: Выбары пройдуць у краіне па законе і ў рамках Канстытуцыі

30 июля 2019

Пачнём з маштабнай палітычнай падзеі, якая прызначана на гэту восень. Беларусь рыхтуецца да парламенцкай выбарчай кампаніі. І як заявіў сёння Прэзідэнт, выбары пройдуць у краіне па законе і ў рамках Канстытуцыі.  Усе нюансы будучай электаральнай кампаніі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў сёння на сустрэчы з кіраўніком Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай. Тэрмін паўнамоцтваў у парламента і Прэзідэнта мінае ў адзін год - у 2020. Закон не забараняе праводзіць гэтыя выбарчыя кампаніі адначасова. Але ў Беларусі - так склалася практыка - імкнуцца не сумяшчаць. На сустрэчы прысутнічала і Наталля Качанава - кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Гэты дзяржорган аказвае Цэнтральнай камісіі падтрымку ў арганізацыі выбараў.  

На сустрэчы Лідзія Ярмошына выказала прапановы наконт дат правядзення парламенцкай кампаніі. Так, Цэнтрвыбаркам лічыць найлепшым выбраць членаў Савета Рэспублікі 7 лістапада, а дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў - 17 лістапада.

Размова таксама ішла пра фінансаванне выбарчай кампаніі. Падыход застаецца нязменным: выбары праводзяць паводле самых эканомных стандартаў. Што да арганізацыі міжнароднага назірання, ніякіх абмежаванняў для ахвотнікаў не будзе! Плануецца запрасіць асноўных нашых міжнародных партнёраў. Гэта назіральнікі ад Садружнасці, а таксама прадстаўнікі Парламенцкай асамблеі і БДІПЧ АБСЕ. Звычайна беларуская ЦВК запрашае калег з цэнтрвыбаркамаў іншых дзяржаў.

Абмяркоўвалі і пытанні інфармавання людзей пра кампанію. Пазіцыя Кіраўніка дзяржавы адназначная: усё павінна прайсці адкрыта, дэмакратычна і згодна з законам. А ў аснове электаральных працэсаў павінны ляжаць парадак і стабільнасць. З 2001 на базе Палаца Рэспублікі падчас выбараў арганізуюць вялікі інфармацыйны цэнтр. Так зробяць і сёлета. Сярод інфармацыйных навэл – мабільны дадатак, які заробіць к парламенцкім выбарам. З яго дапамогай выбаршчыкі змогуць дакладна вызначыць свой участак для галасавання і нават маршрут да яго.


Тэгі:

#Выборы 2019