Прэзідэнт абмеркаваў дэталі V Форуму рэгіёнаў з паслом Расіі ў Беларусі

10 октября 2018

Галоўнай эканамічнай і палітычнай навіной Саюзнай дзяржавы на гэтым тыдні стане V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які стартуе ў Магілёве. Яго правядзенне Аляксандр Лукашэнка сёння абмеркаваў з паслом Расіі ў Беларусі.

Міхаіл Бабіч па сумяшчальніцтве мае яшчэ і асобны статус спецпрадстаўніка прэзідэнта Расіі па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Даверчую грамату, якая вызначыла старт місіі, дыпламат уручыў беларускаму лідару пару тыдняў таму тут жа, у Палацы Незалежнасці. Хоць яшчэ раней быў заўважаны падчас перамоў двух прэзідэнтаў у Сочы. Цікава, што задоўга да прызначэння Бабіча паслом Расіі ў нашай краіне ў шэрагу СМІ фігуравалі розныя меркаванні і здагадкі наконт яго кандыдатуры. Сёння стала зразумела, бакі настроеныя на пазітыў.

Сёння ў нашай краіны шчыльныя кантакты з 80 рэгіёнамі Расіі. Кааперацыйныя ніткі цесна звязваюць 8 тысяч прадпрыемстваў дзвюх краін. Дарэчы, па выніках V Форуму рэгіёнаў чакаюць важкі эканамічны эфект - паўмільярда долараў.

Гэта стане добрай прыбаўкай да тавараабароту, які па выніках мінулага года перавысіў адзнаку 32 мільярды долараў. За першае паўгоддзе 2018 гэты паказчык ужо перасягае 23 мільярды.

Такія цесныя сувязі ў абедзвюх краін не толькі ў эканамічным плане. Шчыльнае ўзаемадзеянне назіраецца абсалютна ва ўсіх сферах. Пра гэта сведчыць і той факт, што народы дзвюх дзяржаў, згодна са шматлікімі апытаннямі, называюць адзін аднаго самымі сяброўскімі.

У пятніцу кульмінацыяй Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі стане пленарнае пасяджэнне, у якім прымуць удзел прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Плануецца, што лідары правядуць і двухбаковую сустрэчу.