Прэзідэнт: Дзяржава ўкладвае ў спорт шмат сродкаў, але належнай аддачы пакуль няма

19 февраля 2016

Дзяржава ўкладвае ў спорт шмат сродкаў, але належнай аддачы пакуль няма. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, калі выступаў на цырымоніі адкрыцця Палаца спорту "Уручча" і міжнароднага дзіцячага турніру па гандболе. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што новы палац   шматпрофільны, але ўсё ж асноўную ўвагу нададуць гандболу і яго развіццю. Легендарная арэна - Палац спорту "Уручча" - адкрылася пасля пяцігадовай рэканструкцыі. Як распавялі Прэзідэнту, падчас будаўніцтва максімальна выкарыстоўваліся беларускія будматэрыялы, а таксама частка айчыннага абсталявання. Абноўлены палац - гэта тры асноўныя пляцоўкі. Галоўная зможа прыняць пяць тысяч гасцей. Тут можна праводзіць матчы па гандболе, баскетболе, валейболе, міні-футболе і футзале адначасова. Урачыстае адкрыццё комплексу супала з пачаткам міжнароднага гандбольнага турніру сярод юнакоў.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што новы Палац спорту - унікальны аб'ект,  аналагаў якому ў краіне няма. І засведчыў, што дзяржава гатовая падтрымліваць спартсменаў, у тым ліку гандбалістаў, але  падставіць плячо толькі там, дзе гэта неабходна. Спартсмены  ў сваю чаргу  павінны радаваць гледачоў вынікамі.