Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з паслом В'етнама

17 августа 2015

Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні супрацоўніцтва з В'етнамам ва ўсіх галінах. Гэта сёння заявіў  Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом В'етнама ў нашай краіне. Пасля трох гадоў працы До Ван Май завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі, і Аляксандр Лукашэнка падзякаваў яму за ўклад, які ён унёс у пашырэнне двухбаковых адносін. Таксама беларускі лідар выказаў надзею, што новы пасол будзе гэтак жа актыўна развіваць супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "В'етнам - адна з буйных дзяржаў не толькі азіяцкага рэгіёна, але і планеты. 90 мільёнаў насельніцтва, квітнеючы, стратэгічна важны рэгіён. У найбліжэйшым дзесяцігоддзі В'етнам будзе ў шэрагу самых развітых дзяржаў свету. Наладжваюы з вамі стасункі, мы хацелі  б удзельнічаць у гэтым бурным развіцці. У сваю чаргу мы гатовыя зрабіць усё для таго, каб інтарэсы В'етнама былі прадстаўленыя тут, у цэнтры Еўропы. Нашы перавагі вы ведаеце, тым больш мы падпісалі ад імя Еўразійскага эканамічнага саюза з вамі дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Думаю, перашкод для таго, каб развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны, сёння няма".

До Ван Май, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол В'етнама ў Беларусі: "Я вельмі ўдзячны Вам, што Вы знайшлі час сустрэцца са мной сёння ў сувязі з заканчэннем маёй дыпламатычнай місіі пасла ў Беларусі. Я таксама ўдзячны Вам за ацэнку маёй працы. У лістападзе 2014 года Беларусь наведваў Генеральны сакратар Камуністычнай партыі В'етнама Нгуен Фу Чонг, і гэты візіт стаў новай эпохай развіцця нашых двухбаковых адносін. Я вельмі спадзяюся, што Ваш візіт у В'етнам, які запланаваны на канец 2015 года, надасць яшчэ большы імпульс супрацоўніцтву паміж нашымі дзяржавамі".

В'етнам - важны гандлёвы партнёр Беларусі ў азіяцкім рэгіёне. Летась тавараабарот паміж краінамі склаў амаль 170 мільёнаў долараў. Мы экспартуем туды калійныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі, трактары, рухавікі ўнутранага згарання, шыны, лекі. Атрымліваем морапрадукты, арэхі, каву, рыс, друкарскае абсталяванне і апаратуру сувязі. Супрацоўніцтва дзесяцігоддзямі развіваецца і ў галіне адукацыі. У беларускіх ВНУ падрыхтаваны для В'етнама больш  за паўтары тысяч прафесіяналаў.