Прэзідэнт Беларусі сустракаецца з кіраўніком Карэліі Аляксандрам Худзілайненам

11 ноября 2013
Госці з Расіі прыбылі з візітам, каб пагаварыць пра далейшае супрацоўніцтва. Сёння яно развіваецца паспяхова. Толькі за 8 месяцаў гэтага года ўзаемны тавараабарот павялічыўся амаль на 20% і склаў 28 млн долараў. Учора дэлегацыя наведала агракамбінат Дзяржынскі.

Сёння адбылася сустрэча ў Мінадукацыі. Партнёрства з гэтым рэгіёнам Расіі не абмяжоўваецца вытворча-эканамічнымі вектарамі. Дадалося навуковае супрацоўніцтва. Напрыклад, беларускія студэнты па абмене змогуць з'ехаць вучыцца ў Карэлію. Пра гэта сёння распавёў нашаму тэлеканалу старшыня савета рэктараў Рэспублікі Карэлія Анатоль Варонін на сустрэчы з міністрам адукацыі Беларусі. Акрамя таго, тут абмяркоўваліся і пэўныя дамовы аб сумесных праектах у сельскагаспадарчых ВНУ. У Мінску дэлегацыя з Карэліі пабывае ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.

Анатоль Варонін, старшыня савета рэктараў ВНУ Рэспублікі Карэлія: У нашай праграме гэта сустрэча з кіраўніцтвам БДТУ і прадпрыемства Амкадар - у нас ёсць прапановы для гэтага прадпрыемства. І самае галоўнае, мы хацелі б наладзіць устойлівы абмен студэнтамі і выкладчыкамі нашых ВНУ. Не толькі ВНУ, якія размешчаныя ў Мінску, але і ў рэгіёнах. Ужо сёння існуе супрацоўніцтва з нашымі ўніверсітэтамі, напрыклад, у Петразаводску двойчы на год мы праводзім зборы наймацнейшых каманд свету па праграміраванні, і беларуская каманда стала з'яўляецца ўдзельнікам гэтых збораў, і гэта адна з наймацнейшых каманд у свеце. Нам заўсёды вельмі прыемна сустракацца з нашымі беларускімі сябрамі.

Акрамя супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, бакі плануюць стварыць некалькі інавацыйных праектаў, а таксама шэраг навуковых распрацовак. Сёння ж пройдуць перамовы ва ўрадзе. Падрабязнасці візіту дэлегацыі Карэліі ў Беларусі ў нашых наступных выпусках.