Прэзідэнт Беларусі: АБСЕ не павінна заплюшчваць вочы на канфлікты ў рэгіёне

30 апреля 2019

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе не павінна заплюшчваць вочы на канфлікты ў рэгіёне. Іх вырашэнне - гэта непасрэдная работа АБСЕ.

Такую пазіцыю выказаў Кіраўнік Беларусі на сустрэчы са старшынёй Парламенцкага вымярэння арганізацыі Георгіем Цэрэтэлі. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што мірныя ініцыятывы ў рамках АБСЕ заўсёды змогуць абаперціся на шчырую пазіцыю нашай краіны, а першым крокам павінна стаць скліканне форуму пад эгідай арганізацыі на вышэйшым узроўні.

Парламенцкая асамблея АБСЕ на ўзроўні кіраўніцтва, парламентарыяў і экспертаў адзначае значны ўклад Беларусі ў вырашэнне ключавых праблем рэгіёна. Толькі за апошнія гады афіцыйны Мінск распрацаваў і дабіўся прыняцця цэлага пакета эфектыўных рашэнняў: ад барацьбы з гандлем людзьмі і новымі псіхатропамі да развіцця зялёнай энергетыкі і лічбавай эканомікі.

Размаўляючы з прэсай, кіраўнік Парламенцкай асамблеі Георгій Цэрэтэлі падтрымаў ініцыятыву беларускай дыпламатыі па перазагрузцы Хельсінкскага мірнага працэсу. Таксама ён высока ацаніў работу міжнароднай парламенцкай групы для прасоўвання праектаў новага Шаўковага шляху. 

Канферэнцыя групы  гэтымі днямі праходзіць у Мінску. На думку  Беларусі, хутчэйшая рэалізацыя глабальнага праекта стварае на кантыненце новую эканоміку, лагістыку і інфраструктуру, а таксама дазваляе рэальна зніжаць градус палітычнай і ваеннай канфрантацыі.