Прэзідэнт Беларусі заявіў аб неабходнасці прадаўжэння дыялогу з еўраструктурамі

23 марта 2017

Сёння Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з дакладчыкам па Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Андрэа Рыгоні. Італьянскі палітык ужо займаў гэтую пасаду ў нашай краіне, і ў 2014-м яго зноў прызначылі на гэтую пасаду. Менавіта за час працы Андрэа Рыгоні адбыўся значны прагрэс у адносінах Беларусі і Савета Еўропы. Аляксандр Лукашэнка сёння падзякаваў дыпламату за канструктыўную пазіцыю і жаданне ўнесці пазітыў у развіццё ўзаемадзеяння нашай краіны з еўрапейскімі арганізацыямі.

Візіт Андрэа Рыгоні ў Мінск прадоўжыцца некалькі дзён. Італьянскі парламентарый падрыхтуе праект даклада наконт сітуацыі ў Беларусі, які ўключае новую рэзалюцыю ПАСЕ.

Дакумент прадставяць у Страсбургу ўжо ў красавіку. Савет Еўропы - найстарэйшае ў рэгіёне міждзяржаўнае аб'яднанне. У яго склад уваходзяць 47 краін, у якіх пражывае каля 800 мільёнаў чалавек. Беларусь актыўна працуе над далучэннем да міжнародных дагавораў Савета Еўропы. Мінск сёння прымае паўнацэнны ўдзел у сямі кіруючых камітэтах гэтай арганізацыі.

Андрэа Рыгоні, дакладчык па Беларусі камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАСЕ: "Я хачу Вам асабіста падзякаваць за магчымасць гэтай сустрэчы, таму што яна паказвае не толькі, што вы адкрытыя да дыялогу, але і вельмі цёплае і пазітыўнае стаўленне Беларусі да працэсу развіцця адносін з Саветам Еўропы і Еўропай у цэлым. Я рыхтую даклад аб Беларусі і хачу зразумець вашу краіну знутры, каб дакумент атрымаўся сумленным і справядлівым. Савет Еўропы - гэта вялікая платформа ў Страсбургу, дзе абмяркоўваюць усё, што адбываецца на Еўрапейскім кантыненце. Савет Еўропы ахоплівае прастору ад Уладзівастока да Рэйк'явіка, і вельмі цяжка часам паглыбіцца ў сітуацыю кожнай краіны асобна. Мы ўсе розныя, але ў чымсьці роўныя. Унутры Савета Еўропы, унутры ПАСЕ заўсёды ёсць дыялог, раўнапраўная магчымасць абмену меркаваннямі. Мы ўсе ў кагосьці вучымся, і хтосьці вучыцца ў нас".