Выпускнікі Ліцэя БДУ атрымалі атэстат сталасці

12 июня 2015

Напярэдадні атэстат сталасці атрымалі выпускнікі Ліцэя БДУ. Яго сцены сёлета пакінуць каля 300 навучэнцаў. Усю канцэртную праграму на гэты раз прыдумалі і ўвасобілі на сцэне самі ліцэісты. Эмоцыі будучых абітурыентаў у рэпартажы Наталлі Тарасюк.

У чаканні выпускнога вечара амаль 54 тысячы юнакоў і дзяўчат па ўсёй краіне. Сёння яны атрымаюць свой дакумент аб сярэдняй адукацыі. Напярэдадні выпускнікі Ліцэя БДУ (усяго 281 навучэнец) афіцыйна скончылі родную альма-матар. Але на гэты раз ніякіх гутарак пра кантрольныя, экзамены і адзнакі. Толькі прадчуванне доўгачаканага выпускнога.

Гэты вечар - юбілейны. Выпускны ў ліцэі праходзіць ужо 25-ы раз. У лепшых традыцыях. У ліцэістаў вельмі насычаная праграма.

Акрамя атэстатаў, самыя паспяховыя і таленавітыя юнакі і дзяўчаты атрымаюць медалі. Сёлета серабро ў 26-ці выпускнікоў, а вось золата яшчэ больш - цэлых 45 медалёў.

Гэтым выпускнікам-2015 прыйшлося не толькі рыхтавацца да экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання для паступлення ў ВНУ, але і вучыцца танцаваць вальс. Бо, бадай, самы яркі момант выпускнога вечара - традыцыйны баль ва ўнутраным дворыку навучальнай установы. А вось галоўнай дэкарацыяй такой танцавальнай пляцоўкі паслужыць вярба – сімвал Ліцэя БДУ.

Завяршылася праграма на досвітку агульным здымкам. Селфі ўсіх выпускнікоў на фоне ліцэя. А ўспамінамі аб сваім выпускным падзяліўся і ганаровы госць вечара - міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Для гэтых юнакоў і дзяўчат новае жыццё ўжо фактычна пачалося. Стаўшы студэнтамі, яны стануць яшчэ і галоўнымі героямі новага этапа развіцця беларускай сістэмы адукацыі, бо наша краіна сёлета далучылася да Балонскага працэсу.