Прэзідэнт: 2017 год павінен стаць пераломным у станаўленні ЕАЭС

14 апреля 2017

2017 год павінен стаць пераломным у станаўленні Еўразійскага эканамічнага саюза. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі на саміце ЕАЭС у Бішкеку.

Праблемных пытанняў у працы альянсу нямала. На думку Аляксандра Лукашэнкі, замоўчваць іх - контрпрадукцыйна. На саміце Мінск выступіць з прапановамі па пашырэнні еўразійскай інтэграцыі. За сталом перамоў сабраліся лідары Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы і Расіі. Кіраўнікі дзяржаў разгледзелі стварэнне зоны свабоднага гандлю з Іранам і падтрымалі наданне Малдове статусу назіральніка пры ЕАЭС. Таксама лідары абмяркуюць асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі на найбліжэйшыя два гады.

І сёння на палях саміту ЕАЭС Аляксандр Лукашэнка правёў двухбаковую сустрэчу са сваім малдаўскім калегам Ігарам Дадонам. Лідары пацвердзілі неабходнасць выхаду на больш плённае супрацоўніцтва. Мінск і Кішынёў разлічваюць нарасціць тавараабарот да паўмільярда долараў.

Нягледзячы на няпростую сітуацыю ў рэгіёне і свеце, лічбы двухбаковага гандлю летась дасягнулі 227 мільёнаў долараў. У Малдове дзейнічае некалькі сумесных зборачных вытворчасцяў. На ліпень запланаваны афіцыйны візіт Ігара Дадона ў Беларусь.