Віншаванне з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці

20 ноября 2016
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне работнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу з нагоды іх прафесійнага свята.

"Блізкі да завяршэння год вашай напружанай працы. У цэлым у вытворчасці практычна ўсіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі дасягнуты добрыя вынікі. Закладзены ў засекі ўбраны ўраджай, забяспечана харчовая бяспека краіны. За кошт сваёй высокай якасці беларускія прадукты харчавання дастойна сапернічаюць з замежнымі аналагамі", - гаворыцца ў віншаванні. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння нарыхтаваны добры запас кармоў для жывёлагадоўлі, а гэта аснова паспяховага развіцця мяса-малочнай галіны ў наступным годзе. Створана трывалая сыравінная база перапрацоўчай прамысловасці.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ва ўсе часы на зямлі працавалі стойкія, моцныя духам, адказныя людзі. Ён падзякаваў работнікам галіны за самаадданае служэнне сваёй справе, пажадаў моцнага здароўя, бадзёрасці духу і ажыццяўлення намечаных планаў на карысць роднай Беларусі.