Пасля наведвання заставы Кіраўнік дзяржавы пагаварыў з пагранічнікамі і іх сем'ямі

1 июня 2018

Пытанні гарантавання пагранбяспекі Беларусі сёння ў цэнтры ўвагі Кіраўніка дзяржавы. Падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць Аляксандр Лукашэнка наведаў заставу "Дзівін" Пінскага пагранатрада. Размова атрымалася грунтоўнай і маштабнай. Вельмі вялікая цана пытання - нацыянальная бяспека. Адзначым, што традыцыйна такія паездкі ў рэгіёны суправаджаюцца і асабістымі зносінамі. Не стаў выключэннем і сённяшні дзень.

Улічваючы адкрытасць і камунікабельнасць беларускага лідара, сустрэча атрымалася вельмі цёплай, калі не сказаць хатняй. Знайшлося месца асабістым успамінам Аляксандра Лукашэнкі аб тым часе, калі сам служыў у пагранвойсках, аб гэтым лёсавызначальным перыядзе, які паўплываў на прэзідэнцкую кар'еру. Атмасфера сапраўды панавала сямейная. Напэўна, яшчэ і таму, што ў зале было нямала дзяцей. Зрэшты, дзіцячую тэму таксама закранулі. Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі не плануецца скарачаць водпуск па доглядзе дзіця да 3 гадоў. Такія народныя пытанні - прыярытэт падчас рабочых паездак Прэзідэнта. Сёння гаварылі і аб адукацыі - магчымасці для вайскоўцаў ізноў сесці за парту. Дзе, як ні ў прыграніччы, гаварыць пра самае важнае - бяспеку краіны.

Усе падрабязнасці ў нашых аглядальнікаў. На сустрэчу з Прэзідэнтам далёка ісці не прыйшлося. Літаральна за хвіліну хады прама ля заставы быў пабудаваны жылы дом на 16 кватэр. Яго здалі летась у прамым сэнсе пад ключ. У пакоях - поўны камплект мэблі, захадзі і жыві. Пагранічнікі, прыязджаючы служыць па кантракце, адразу вязуць сюды ўсю сям'ю. У суседнім Дзівіне - школа, дзіцячы сад, магчымасць уладкавацца на працу. Такі сацыяльны камплект і праўда выглядае вельмі прывабна.

У зносінах з Прэзідэнтам між радкамі адчувалася: служба ў гэтым камфортным месцы адбіваецца і на баявым духу саміх байцоў, і на настроі сваякоў. Вядома, адыграў ролю і той факт, што Аляксандр Лукашэнка сам служыў у гэтых месцах. Таму па-сапраўднаму сур'ёзныя тэмы часта перамяжоўваліся з эмацыянальнымі, душэўнымі гісторыямі, успамінамі і перажываннямі. Літаральна з парога Прэзідэнта сустрэлі самыя малодшыя госці заставы. Будучыя байцы, жартуе Кіраўнік дзяржавы і просіць іх падзяліцца пакуль не ваеннымі таямніцамі жыцця.

Асаблівым гэты дзень стаў і для Ксеніі Саўчук, жонкі начальніка пагранзаставы. Калі яшчэ ў дзень нараджэння павіншуе сам Прэзідэнт? Сімвалічны букет і эксклюзіўныя прысмакі - як прыемны дадатак да магчымасці проста пагаварыць і задаць хвалюючае пытанне. Яно, дарэчы, таксама было аб традыцыях і адкрыла цікавы факт: менавіта сваю службу ў пагранвойсках Аляксандр Лукашэнка лічыць лёсавызначальнай для сваёй прэзідэнцкай кар'еры.

Калі льготы, то толькі па патрэбным адрасе. Прэзідэнт выказаўся за тое, каб захоўваць і нарошчваць спектр падтрымкі для сем'яў з дзецьмі. У прыватнасці, у Беларусі не плануецца скарачаць водпуск па доглядзе дзіця да 3 гадоў. Хоць нават у большасці развітых краін свету на такі працяглы тэрмін ён не даецца. А пытанне, што называецца, у тэму прагучала ад звычайнага радавога. Прычым пытанне надзённае для цэлага пакалення тых, хто зараз праходзіць тэрміновую службу. Да канца асабістай вахты на мяжы Нікадзіму засталося крыху менш за год. А вось веды па школьнай праграме з часам забываюцца. Ці не варта разгледзець варыянты льготнага паступлення ў ВНУ пасля службы ва Узброеных Сілах?

Дзе бы ні размаўляў з людзьмі Кіраўнік дзяржавы, заўсёды на паверхню выходзяць так званыя народныя пытанні - праца, адукацыя, гарантыі, выплаты. Беларусь - сацыяльная дзяржава і трымае гэты вызначаны курс ужо доўгія гады. Вектар рэгулярна выраўноўваецца і актуалізуецца ў асноўных праграмных выступленнях Прэзідэнта. А таксама зацвярджаецца парламентарыямі, напрыклад, пры штогадовай распрацоўцы бюджэту краіны. Як атрымліваецца доўгія гады на справе захоўваць жорсткую сацыяльную лінію, як далёка можа зайсці дзяржава ў сваіх народных рашэннях.

У прыграніччы тэмы геапалітыкі ўспрымаюцца больш востра. Асабліва актуальныя гэтыя пытанні тут, ля беларуска-ўкраінскіх меж. Галоўная пагроза свету - у сутыкненні пазіцый буйных дзяржаў, разважае Прэзідэнт. ЗША і Кітай, Расія і калектыўны Захад ужо сфарміравалі скрыжаванне інтарэсаў, на якім перыядычна ўспыхваюць кровапралітныя канфлікты. Нетрывалая светабудова новага стагоддзя ніяк не можа знайсці сваю раўнавагу. У выніку з'яўляюцца ачагі адкрытага супрацьстаяння, такія як Данецк і Сірыя. Беларускага лідара спыталі, што ў такіх умовах рабіць малым і сярэднім дзяржавам?

Зусім нядаўна ў сталіцы Беларусі адбыўся міжнародны палітычны форум "Мінскі дыялог", дзе сотні экспертаў з 50 дзяржаў абмеркавалі сусветны палітычны парадак дня і ацанілі прапановы Беларусі па ўрэгуляванні глабальных крызісаў. А неўзабаве наша краіна будзе прадстаўлена на найбуйнейшым форуме Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Таксама дыпламаты працягваюць прапрацоўку пытанняў, актуальных на ўзроўні Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.

Нягледзячы на сур'ёзныя тэмы, размова атрымалася душэўнай. Напрыканцы ад пагранічнікаў і іх сем'яў - памятны сувенір.

Так пагранічнікі павіншавалі Кіраўніка дзяржавы з векавым юбілеем ведамства. І дадалі, што заўсёды чакаюць Прэзідэнта ў госці на любую заставу краіны.