Паводкавая сітуацыя штогод на асабістым кантролі ў Кіраўніка дзяржавы

12 апреля 2013

Самая актуальная тэма гэтай вясны - надвор'е, а разам з ёй паводкавая сітуацыя сёння абмяркоўвалася на вышэйшым узроўні. Запазнелая вясна дыктуе свае тэрміны пасяўной. І калі прырода  можа дазволіць сабе капрызы, то аграрыям праспаць сяўбу ніяк нельга. Гаворка ідзе аб харчовай бяспецы краіны. Паводкавая сітуацыя штогод на асабістым кантролі ў Кіраўніка дзяржавы. І сёння ў Прэзідэнта прайшла нарада, дзе абмяркоўваліся меры па мінімізацыі наступстваў разводдзя, гатовасці да правядзення пасяўной і навядзення парадку пасля зімы. На шматлікіх палях усё яшчэ ляжыць снег, лёд. Аляксандр Лукашэнка ставіць перад урадам задачу прыняць эфектыўныя меры, каб максімальна знізіць шкоду ад паводкі. МНС і іншыя экстранныя службы павінны ацаніць сітуацыю і спрацаваць на апярэджанне. Катастрофы тут няма. Галоўнае прыйсці на дапамогу людзям. І прыйсці своечасова. А вось што датычыцца пасяўной кампаніі, тут слова своечасова недарэчна. Сёлета сяўбу прыйдзецца праводзіць імгненна: вясна занадта запазнілася.


 


Сяргей Хамянтоўскі – больш падрабязна аб пастаўленых Кіраўніком дзяржавы задачах.


 У Белай зале рэзідэнцыі Прэзідэнта кіраўніцтва МНС, Мінсельгасхарча, губернатары, сілавікі, навукоўцы. Такі склад убачыш не часта. Снежная зіма і позняя вясна аб'яднала.  Паводкі штогод на асабістым кантролі ў Кіраўніка дзяржавы.


Пятая хвіліна нарады і вось першае даручэнне Прэзідэнта. Ураду неабходна скаардынаваць працу так, каб не пакінуць людзей у цяжкай сітуацыі, прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну, калі трэба. У першую чаргу, лічыць Аляксандр Лукашэнка, трэба сістэматызаваць інфармацыйную працу сярод насельніцтва, і не толькі ў цэнтральных СМІ. Трэба перанесці гэтую працу на месцы.


За апошнія гады ў краіне назапашаны вопыт па мінімізацыі негатыўных наступстваў разводдзяў рэк і раставання снягоў. Прынятыя і працуюць мэтавыя праграмы па абароне населеных пунктаў і сельгасугоддзяў у паводканебяспечных раёнах. Ад мясцовых улад, МНС і іншых экстранных служб Прэзідэнт патрабуе рэальна ацаніць становішча і прыняць прэвентыўныя меры.


Перад Белкаапсаюзам, санэпідэмнаглядам і метэаролагамі Кіраўнік дзяржавы ставіць задачы іншыя.


Паводле прагнозаў, максімальныя ўзроўні вясновага разводдзя ў Беларусі сёлета будуць вышэйшыя за сярэднія значэнні. Вялікую ваду зробіць раставанне снягоў у Беларусі і Украіне. Другую хвалю паводкі забяспечаць рэкі, якія бяруць пачатак на тэрыторыі Расіі.


Паводка ў Беларусі будзе няпростай, але кантраляванай, супакойвае міністр па НЗ Уладзімір Вашчанка. На гэтых словах генерала аўдыторыя прыкметна ажывае. Хоць і расцяклася праблема на сотні кіламетраў, ратавальнікі да барацьбы гатовыя.


Хоць Палессе за крок ад вялікай вады, самі палешукі захоўваюць спартанскі спакой. Нягледзячы на тое, што падтопленыя сотні падворкаў, парогі хат вада пераступіла не ў многіх. Нягледзячы на крытычную адзнаку, адселеныя толькі некалькі сем'яў. Ды і самі жыхары пакуль за паводку не хвалююцца.


Палессе залівае прыкладна раз на 20 гадоў. Крытычнымі для гэтага рэгіёну былі 1979 і 1999 гады, тады ўзровень вады перавышаў 6,5 метра. Шматлікія дарогі ў гэтым рэгіёне зараз, як дамбы - прырода навучыла. Ды і саміх дамб пабудавана на 450 кіламетраў.


Зараз у краіне дзейнічаюць 130 гідралагічных пастоў. Створаныя штабы рэагавання і 15 зводных атрадаў ратавальнікаў, гатовых пачаць ліквідацыю НЗ у любы час сутак. Уздым вады на Палессі працягваецца. Наколькі сур'ёзнымі будуць паводкі, залежыць ад надвор'я. Праўда, хутка адтаваць пачне і поўнач Беларусі. Але ўсё ж галоўная задача ўрада - паскорыць пасяўную кампанію. Прэзідэнт патрабуе правесці яе імгненна.


Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, аграрыям прыйдзецца ў поўным сэнсе слова дзяжурыць на палях.


Тэрміны пасяўной кампаніі ў Беларусі сёлета зрушылі прыкладна на два тыдні, гаворыць профільны віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. Палова краіны ў снезе, але сітуацыя мяняецца не па днях, а па гадзінах.


Пасяўная-2013 можа стаць самай экстрэмальнай у гісторыі па хуткасці. Поўдзень краіны павінен укласціся ў 10-12 дзён, поўнач - у тэрмін не больш за два тыдні. Тое, што звычайна рабілі за месяц, зараз прыйдзецца зрабіць за 14 дзён. Для аператыўнай пасяўной усё ёсць: насенне, угнаенні, паліва і тэхніка. У распараджэнні аграрыяў 46 тысяч трактароў. Высокапрадукцыйная праца гэтых машын, як і кадры, будуць вырашаць зыход пасяўной ва ўмовах позняй вясны.


Сяўба двух з паловай мільёнаў гектараў яравога кліну задача нумар адзін для аграрыяў. Другі пункт у вяснова-палявым спісе - аператыўны падкорм азімых культур. З зімоўкі расліны выйшлі саслабелымі. Але ў цэлым стан зімавых здавальняючы. Чаканыя страты 5-8%. Аграрыі гатовыя да аднаўленчых прац на палях. У страхавым фондзе маецца запас насення для перасеву збожжавых культур.


Міністр фінансаў запэўнівае: з фінансаваннем усяго комплексу вяснова-палявых прац праблем няма.


Цяперашняя экстрэмальная па хуткасці кампанія, лічыць Прэзідэнт, разбалансаваць эканоміку не павінна.


Хоць і быў катэгарычны ў фінансавых пытаннях Прэзідэнт, аграрыі ўсё ж рызыкнулі грошай папрасіць. У адказ пачулі маналог Прэзідэнта аб паніжэнні выдаткаў і неабходнасці вучыцца зарабляць самім.


Неабходнасць правесці вясновыя палявыя працы ў сціснутыя тэрміны патрабуе ад кіраўнікоў і спецыялістаў АПК неардынарных рашэнняў. І тут навука падставіць плячо, адкарэкціруе тэхналогіі і агратэхнічныя планы для кожнай культуры. Асаблівую кампанію трэба правесці асабліва хутка.


Аграрыі ад зімовай спячкі, нарэшце, прачнуліся, гаворыць Прэзідэнт, грамадства трэба абудзіць. У канцы нарады Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму добраўпарадкавання і навядзення парадку ў краіне.