Асноўнаму закону нашай краіны спаўняецца 20 гадоў

14 марта 2014

Напярэдадні Дня Канстытуцыі, а сёлета Асноўнаму закону нашай краіны спаўняецца 20 гадоў, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі ўрачыстай і сімвалічнай. Суддзя Наталля Карповіч прынесла прысягу і з гэтага моманту яна паўнапраўны член Канстытуцыйнага суда. Сёння ж некалькі яе калег былі ўдастоеныя высокіх узнагарод. Зрэшты, толькі ўрачыстай часткай абмяжоўвацца не сталі. Менавіта на гэтай сустрэчы сёння прагучала ідэя распрацаваць канцэпцыю прававой палітыкі, і, вядома, не абмінулі маючыя адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы. Права выбіраць і быць выбраным, як вядома, - адно з найважнейшых у Канстытуцыі.


Падрабязнасці ў Святланы Канапацкай.


У Палацы Незалежнасці сёння сабраліся прадстаўнікі Канстытуцыйнага суда, кіраўнікі парламента, старшыні судоў. У залу ўваходзіць Прэзідэнт. Менавіта такі склад удзельнікаў прадугледжаны для правядзення адной унікальнай цырымоніі -прывядзення да прысягі суддзі Канстытуцыйнага суда. Такая падзея здараецца толькі адзін раз за час паўнамоцтваў суддзі.


Суддзя Наталля Карповіч падпісвае акт аб прынясенні прысягі і перадае яго Прэзідэнту. Толькі зараз, пасля прынясення прысягі, суддзя мае права прымаць удзел у працы Канстытуцыйнага суда. Кіраўнік дзяржавы ўручае пасведчанне суддзі, падарункавы экзэмпляр Канстытуцыі і, вядома ж, кветкі.


Урачыстым гэты дзень стаў у жыцці яшчэ трох суддзяў. Медаль За працоўныя заслугі Прэзідэнт уручыў суддзі Канстытуцыйнага суда Сяргею Чыгрынаву.


Ганаровага звання Заслужаны юрыст Беларусі ўдастоены Тадэвуш Варанцоў, а Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена суддзі Уладзіміру Ізотку.


Дата сённяшняй сустрэчы выбрана не выпадкова, сказаў Прэзідэнт, звярнуўшыся да прысутных. У гэтыя дні краіна адзначае 20-годдзе Канстытуцыі.


І яшчэ пра адну важную палітычную падзею сказаў Прэзідэнт у сваёй прамове - 23 сакавіка адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы. Аляксандр Лукашэнка надаў гэтаму асаблівую ўвагу.


А далей гаварылі пра ролю і месца Канстытуцыйнага суда, пра тое, што яшчэ трэба зрабіць, каб ён больш эфектыўна выконваў сваю важную місію - стаяў на варце захавання Канстытуцыі і законнасці ў краіне. У выступленнях суддзяў прагучала нямала прапаноў, многія сталі прадметам дыскусіі. Так, суддзя Сяргей Чыгрынаў выказаўся за тое, каб забяспечыць прамы доступ грамадзян да канстытуцыйнага права. На цяперашнім этапе грамадзянін мае права звярнуцца ў Канстытуцыйны суд толькі праз упаўнаважаныя арганізацыі, гэта значыць ускосна.


Ініцыятыву ў такой форме падтрымліваюць далёка не ўсе. Дарэчы, не ўсе краіны адкрываюць Канстытуцыйны суд для прамога кантакту з грамадзянамі. Гэтыя задачы вырашае агульная сістэма судоў, а Канстытуцыйны суд вырашае іншыя задачы. Такі асноўны аргумент у апанентаў.


Яшчэ адна прапанова датычылася паўнамоцных прадстаўнікоў. Гэта таксама ініцыятыва суддзяў Канстытуцыйнага суда. Яны настойваюць не неабходнасці прысутнасці на пасяджэннях суда прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання.


І трэцяй тэмай дыскусіі стала прапанова распрацаваць канцэпцыю дзяржаўнай прававой палітыкі. На думку суддзяў, такі дакумент неабходны для таго, каб сумесна з дзяржорганамі выпрацаваць нейкі план прававога развіцця дзяржавы на перспектыву.


Аляксандр Лукашэнка не сказаў катэгарычнае не ні па адной з гэтых прапаноў. Што да першага пытання аб прамым доступе грамадзян да Канстытуцыйнага суда, Прэзідэнт лічыць, што пытанне неабходна дбайна вывучыць. На думку Прэзідэнта, кожны павінен мець прававую магчымасць абараніць свае інтарэсы, а ў дачыненні да Канстытуцыйнага суда Аляксандр Лукашэнка прапануе прадумаць, як зрабіць яго больш даступным для грамадзян.


Што да канцэпцыі дзяржаўнай прававой палітыкі, Прэзідэнт не супраць яе распрацоўкі, аднак катэгарычна супраць таго, каб з'яўляліся нейкія надуманыя і не напоўненыя канкрэтыкай дакументы.


Падтрымаў Аляксандр Лукашэнка і ідэю прысутнасці прадстаўнікоў дзяржорганаў у Канстытуцыйным судзе. Адзінае, супраць чаго Аляксандр Лукашэнка выказаў катэгарычнае не - гэта застой у думках, учынках, справах.


Выслухаўшы ўсе меркаванні, Прэзідэнт прапанаваў сабраць штаб экспертаў, каб у рабочым парадку і больш прадметна абмеркаваць усе прапановы і прыйсці да агульнага рашэння.








Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя