Аптымізацыя пагранвойскаў адбудзецца ў найбліжэйшы час

28 января 2014

Сітуацыя ў органах пагранічнай службы Беларусі далёкая ад жаданай. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў напярэдадні на пасяджэнні пашыранай калегіі Дзяржпагранкамітэта па пытаннях аховы дзяржаўнай мяжы нашай краіны. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Пагранкамітэт з ускладзенымі на яго задачамі ў цэлым спраўляецца. Аднак сённяшняя сітуацыя патрабуе больш актыўнай працы па процідзеянні сучасным пагрозам і выклікам. Прэзідэнт запатрабаваў прадумаць рэфармаванне пагранвойскаў. У першую чаргу, акцэнтаваць намаганні трэба на аптымізацыі наяўных сіл. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, бяспека граніцы справа не толькі людзей у пагонах. Пагранічная бяспека - вынік паўсядзённай працы ўсіх звёнаў сістэмы дзяржаўнага кіравання. І без суладных, скаардынаваных дзеянняў тут не абысціся. Аляксандр Лукашэнка асобна даручыў прапрацаваць канкрэтныя меры па ўмацаванні аўтарытэту Беларусі ў якасці гаранта стабільнасці і бяспекі на агульных граніцах з краінамі ЕС.


Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні і развіваюцца органы пагранічнай службы, якія праблемы яшчэ застаюцца і што трэба зрабіць для іх рашэння. Па выніках пасяджэння Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы Беларусі ў 2014 годзе.