Новы будынак Вярхоўнага Суда адкрыўся ў Мінску

6 апреля 2019

Ва ўрачыстай цырымоніі напярэдадні  прыняў удзел  Кіраўнік дзяржавы.

Палац правасуддзя  пабудавалі за 2 з паловай гады. Аб'ект размясціўся  насупраць Палаца Незалежнасці. У фае новага будынка  ўрачыста перарэзалі чырвоную стужку. Прэзідэнту ўручылі сімвалічны ключ ад Вярхоўнага Суда краіны, які ён перадаў  старшыні ведамства.

Абрысы знешняга аблічча, паводле задумкі архітэктараў, нагадваюць шалі Феміды  - багіні правасуддзя. Такіх жа ўзважаных і справядлівых рашэнняў  дзяржава чакае ад працы ўсіх галін судовай улады. Падчас будаўніцтва выкарыстоўваліся беларускія матэрыялы і абсталяванне, ліфты, мэбля і люстры. Аб'ект атрымаўся сучасным і функцыянальным. Залы абсталяваныя магчымасцю відэа- і аўдыёзапісу. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з магчымасцямі новага будынка Вярхоўнага Суда. Наведаў залы і кабінеты, дзе будуць працаваць суддзі. Уваходзіны  - падзея знакавая і ў той жа час добрая падстава пагаварыць аб развіцці судовай сістэмы краіны. На сустрэчу запрасілі амаль чатыры сотні чалавек - гэта кіраўніцтва судоў усіх узроўняў. Прэзідэнт адзначыў важныя патрабаванні да працы судзейскага корпуса: гэта законнасць, справядлівасць і практыкаарыентаванасць. І галоўнае - справядлівае стаўленне да людзей. Толькі тады яны будуць давяраць правасуддзю і ведаць, што заўсёды змогуць знайсці абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў. 

Шматлікія пытанні ў судзейскай сістэме ўжо, вядома, вырашаныя. Няма цякучкі кадраў, павысіўся прэстыж прафесіі суддзі. Прэзідэнт арыентуе прадстаўнікоў Феміды ў прынцыпе  пераасэнсаваць бачанне сваёй прафесіі. Бо ад таго, якім будзе падыход, такое і ў цэлым у людзей будзе складацца ўражанне аб усёй судзейскай вертыкалі краіны. Падрыў іміджу проста недапушчальны. Стаўка - на моцны кадравы склад і ўдасканаленне прафесійнага ўзроўню дзеючых кадраў. У краіне будзе кардынальна перабудаваная праца Інстытута перападрыхтоўкі суддзяў. У штат прыцягнуць дасведчаных спецыялістаў-практыкаў і нават псіхолагаў.