На Краснай плошчы ў Маскве адбыўся парад Перамогі. Ва ўрачыстых мерапрыемствах прыняў удзел Аляксандр Лукашэнка

24 июня 2020
Сёння на Краснай плошчы ў Маскве адбыўся парад Перамогі. Ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прыняў удзел і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


А. Лукашэнка на парадзе Перамогі ў Маскве 

У ліку высокіх замежных гасцей прэзідэнты Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана, прадстаўнікі вышэйшых органаў улады іншых дзяржаў, паслы краін - саюзнікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі. Былі запрошаныя і кіраўнікі некаторых міжнародных арганізацый, у тым ліку старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч і Генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась. Апроч расійскіх вайскоўцаў у парадзе ўдзельнічалі прадстаўнікі 13 дзяржаў, у тым ліку па бруку Краснай плошчы прамаршыравала група зводнай роты ганаровай варты Міністэрства абароны Беларусі.

Быць сёння са сваёй сям'ёй у Маскве  для Аляксандра Лукашэнкі проста доўг.  Вернасць традыцыі і даніна подзвігу пакалення пераможцаў.  Сімвалічна - на трыбуне побач з Кіраўніком дзяржавы  трое сыноў. 

Усяго  ў парадзе Перамогі ўзялі ўдзел 14 тысяч вайскоўцаў.  У страі сучаснай бранятэхнікі  колавыя аўтамабілі, баявыя машыны пяхоты, танкі, бронетранспарцёры.  Нараўне з ужо вядомымі мадэлямі па Краснай плошчы ўпершыню прайшлі  каля 20 узораў новай ваеннай тэхнікі. Некаторыя з іх раней наогул не  дэманстраваліся публічна.

Пасля асноўнай часткі ўрачыстасці лідары пешкі прайшлі цераз Красную плошчу. Людзі цёпла віталі кіраўнікоў дзяржаў. Удалося нават крыху пагаварыць, хай і на адлегласці.


Нязменная традыцыя - ускладанне кветак да Магілы Невядомага Салдата ў Аляксандраўскім садзе


У цырымоніі прынялі ўдзел усе высокія госці парада Перамогі. У памяць аб загінуўшых воінах - хвіліна маўчання. Нагадаем, у Расіі парад з нагоды 75-годдзя Перамогі сёлета быў перанесены з 9 мая праз пандэмію каранавіруса. Прэзідэнт Пуцін выбраў дату 24 чэрвеня, бо менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе адбыўся гістарычны Парад Перамогі. У Беларусі ж ваенны парад у гонар Вялікай Перамогі правялі 9 мая. У ім удзельнічалі каля 3 000 вайскоўцаў і звыш 150 адзінак тэхнікі, у небе над Мінскам праляцелі 36 самалётаў і верталётаў.