Мадэрнізацыя льняной галіны ў Беларусі пад асабістым кантролем Прэзідэнта

30 ноября 2018

Лён для Беларусі - культура палітычная. Гэты тэзіс наш Прэзідэнт паўтараў не раз. Гучаў ён і сёння ў Оршы, дзе на базе найбуйнейшага на прасторах СНД ільнокамбіната абмяркоўвалі будучыню галіны. Вытворчасць якаснага льновалакна для Беларусі пытанне прынцыповае. Бо вырошчваць гэтую капрызную культуру сёння бяруцца далёка не ўсе дзяржавы, а мы - у тройцы вядучых краін-вытворцаў. І тут сусветную нішу важна не проста заняць, а заняць якаснай сыравінай.

Мадэрнізацыя гэтай галіны пад асабістым кантролем Прэзідэнта. Менавіта па яго даручэнні ў свой час была распрацаваная цэлая праграма "Лён". Але планку трэба павышаць год ад года, каб не адстаць ад сусветных вытворцаў. Паводле слоў спецыялістаў, пры правільным тэхналагічным падыходзе рэнтабельнасць вырошчавння гэтай культуры вышэйшая, чым у нафты. Чым не наш беларускі "залаты рэсурс"? Бо прыбытак, у літаральным сэнсе, на паверхні. А ў выніку сыравіну часам нават закупляем па імпарце. А на мадэрнізаваным Аршанскім камбінаце трэць магутнасцяў недазагружаныя. За недахопы ў аб'ёмах якаснага льновалакна Прэзідэнт сёння раскрытыкаваў кіраўніцтва АПК і губернатараў. На тое, каб падвоіць эфектыўнасць галіны, 3 гады.

Але на трэку ад поля да прылаўка - найважнейшы этап вырошчвання льну. Нездарма ж гавораць: "Лён любіць паклон". Якасць сыравіны залежыць менавіта ад тэрмінаў і тэхналогій апрацоўкі, а яны выконваюцца далёка не заўсёды. І за такое безадказнае стаўленне меры будуць самыя жорсткія, папярэджвае Кіраўнік дзяржавы. А ў льновытворчасці для аграрнага блока ўрада 2019-ы стане вызначальным.

Дык як разматаць клубок праблем у галіне? Якія задачы стаяць перад вытворцамі і кіраўнікамі? Як не выпусціць тую самую прыбытковую сусветную нішу? Наталля Брэвус разбіралася, дзе "белымі ніткамі шыта".

Лён і выматае, і азалоціць. Гэта не журналісты прыдумалі - так людзі гавораць. Вось ужо праўда, у гэтай жыццёвай мудрасці - уся сутнасць капрызной культуры. А Прэзідэнт заве яе і палітычнай. Не проста таму, што на гербе краіны - кветкі льну. Яшчэ пры Савецкім саюзе ў нас была магутная льняная індустрыя.

Льну ў Беларусі быць! Менавіта з такой адназначнай падачы Аляксандра Лукашэнкі ўзяліся адраджаць былую славу. Было б недальнабачна загубіць галіну, якая можа прыносіць прыстойны прыбытак. Таму і была разгорнутая маштабная праграма мадэрнізацыі льнозаводаў і камбіната.

Аршанскі льнокамбінат - прадпрыемства з доўгай гісторыяй. Пачынаўся ён з невялікай ільночасальнай фабрыкі - уявіце, амаль 90 гадоў таму! Сёння вытворчасць натуральнай ільняной тканіны - справа складаная. Увесь цыкл - ад валакна да гатовай прадукцыі - гэта больш як 100 тэхналагічных аперацый. Хіба гэта не цудоўнае ператварэнне, калі амаль з "голай" травы атрымліваецца ў выніку мяккае валакно і вось такі экаматэрыял.

Камбінат у Оршы пачалі мадэрнізаваць яшчэ 10 гадоў таму! Наталля Загарэльская прыйшла працаваць сюды раней - у пачатку 90-ых. Гаворыць, часы перажывалі розныя. І калі фабрыка была ў вельмі цяжкім стане, і зараз, калі адкрылася другое дыханне пасля абнаўлення вытворчасці. Параўноўваць нават дзіўна: там, дзе раней дыхалі пылам, сёння камфортныя і светлыя цэхі. Лічы, новае прадпрыемства! Выраўнавалася і заработная плата. 4000 супрацоўнікаў, і цякучка мінімальная.

Пасля абнаўлення станкоў стала менш, але эфектыўнасць вырасла ў разы. Адна прылада дае 2500 метраў тканіны за змену. Асвоілі нават вытворчасць джынсавага матэрыялу і кімано. Дарэчы, з мадэрнізацыяй дапамагалі і кітайскія калегі з Харбіна, дзе працуе адзін з найбуйнейшых льнозаводаў на мацерыку. І па ацэнках спецыялістаў, аршанская фабрыка - адна з лепшых у свеце. Гэта не перабольшанне, а канкрэтны паказчык.

За гэты час у мадэрнізацыю Аршанскага льнокамбіната ўкладзена больш як 200 мільёнаў долараў. Усё для таго, каб зрабіць беларускі лён канкурэнтаздольным. Беларускае валакно высока цэняць ва ўсім свеце, актыўна купляюць вытворцы-прамыслоўцы з Кітая, Бельгіі і Германіі. А гэта краіны, у якіх ёсць і свае палі. Адназначна, для Беларусі лён - рэнтабельная культура, на якой можна зарабляць, тым больш што для гэтага ў краіне ўжо зроблена шматлікае. У выніку сёння Беларусь - сярод вядучых вытворцаў ільновалакна. Мы другія пасля Францыі, Кітай паступова сыходзіць ад апрацоўкі льну.

Кіраўнік дзяржавы патрабуе большай аддачы ад галіны. Усе намаганні ў найбліжэйшы час варта сканцэнтраваць на развіцці ў краіне глыбокай перапрацоўкі. Для гэтага на тэрыторыі Аршанскага льнокамбіната пабудуюць яшчэ адзін спецыялізаваны цэх. У перспектыве зможам самі вырабляць у сябе імпартазамяшчальную прадукцыю для касметычнай і медыцынскай сфер.

Зроблена нямала, але сітуацыя ў галіне ўсё-такі не радуе. Разбор праблем - адразу на камбінаце з удзелам урада і аграрыямі. Але, папярэднічаючы няпростай гутарцы, Прэзідэнт адразу скажа: нездарма ўзяліся за лён!

Менавіта ў нашай краіне - чвэрць планетарных пасеваў гэтай культуры. Пад лён у краіне адведзена 47 тысяч гектараў. Гэта і ёсць адна вялікая сыравінная зона краіны. Больш за ўсё як раз-такі ў Віцебскай вобласці. Так і ёсць - сапраўдны льняны край!

Прэзідэнт не раз зважаў на тое, што ніякая мадэрнізацыя не дапаможа, калі парушаецца тэхналогія вырошчвання і ўборкі льну. Амаль усе вобласці сеялі з парушэннем аптымальных тэрмінаў, землі вылучалі не лепшыя, тэхніка не заўсёды адпавядае нормам, выкарыстоўваецца насенне нізкай якасці.

Пасля прынцыповай гутаркі мінулым летам справа ссунулася з мёртвага пункта. Але гэтыя застарэлыя праблемы цалкам не зжытыя і сёння.

Профільны віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы распавядае, што аб'ектыўна надвор'е сёлета падвяло: такое неспрыяльнае для льну бывае раз на сто гадоў. Але ёсць і недагляды. Прэтэнзіі тэкстыльшчыкаў па якасці і колькасці сыравіны ў многім справядлівыя. Што зрабіць, не ўсюды і не для ўсіх гаспадарак тэхналогія - аксіёма. Навуковае суправаджэнне галіны пад зоркім вокам Інстытута льну.

Зараз Інстытут льну пачаў распрацоўваць інтэрактыўную карту для кожнага рэгіёна краіны ў дапамогу льнаводам. Пакуль такая ёсць толькі для аднаго раёна. Некалькі клікаў - і разумная сістэма падкажа, дзе вырасце годны ўраджай, а якое поле загубіць насенне.

 

Аднаўляецца нават такая, здавалася б, страчаная пазіцыя, як вытворчасць ільнянога алею. Па складзе і карыснасці, лічы, як рыбін тлушч! Гэта значыць - каштоўны прадукт. А яшчэ некалькі гадоў таму льняны алей цалкам імпартавалі.

Ураджай ільну - гэта не толькі пытанне строгай тэхналогіі, але і справа тэхнікі ў прамым сэнсе. Яшчэ год таму Кіраўнік дзяржавы гаварыў аб неабходнасці разабрацца з дэфіцытам спецыяльных для льну машын.

Было дакладзена аб стварэнні айчынных машын для перапрацоўкі льну. На парадку дня, у тым ліку, кааперацыя з вядомым бельгійскім вытворцам падобнай тэхнікі. Аднак тэхнічныя рэсурсы не заўсёды выкарыстоўваюцца эфектыўна і па-гаспадарску.

Яшчэ адно важнае даручэнне таксама датычылася тэхнікі. Вядома - яна не вечная. Працуе на поўную ў полі, таму нярэдка патрабуе рамонту. Вытворчасць запчастак па сілах зрабіць у такой машынабудаўнічай краіне, як наша. Прычым гэта актуальна не толькі для льнаводчай сферы.

Асобная тэма - насенняводства. Навукоўцы прызнаюцца: на стварэнне гатунку часам ідуць гады. У часы Саюза ў Беларусі было ўсяго два віды насення, а за апошнія 10 гадоў навукоўцы вывелі 16. Яшчэ раней дамовіліся аб стварэнні некалькіх цэнтраў па краіне, якія будуць займацца гэтым пытаннем. Паглядзелі, дзе якія патрэбныя.

Кіраўнік Інстытута льну лабіруе айчынную селекцыю. Хоць гучаць і прапановы закупляць імпартнае насенне. У якасці эксперыменту Прэзідэнт прапанаваў кіраўнікам абласцей засеяць адно поле адразу родным і замежным насеннем - паглядзець, што будзе. Але ўжо зараз зразумела адно: вялікі попыт з губернатараў будзе за лён.

У Беларусі пад тры дзясяткі льнозаводаў. Частка з іх працуюць па даўніне. А вось дзясятак ужо прайшоў мадэрнізацыю. Напрыклад, Дубровенскі. Пасля абнаўлення адразу павялічылася выпрацоўка - ідуць на рэкорды! Доўгае валакно забірае Аршанскі камбінат, але кароткае імкнуцца яшчэ і прадаць на экспарт. Укладзеныя ў абнаўленне сродкі плануюць адбіць за пару гадоў.

Але абнаўленне абнаўленню розніца. Не лепшы прыклад ёсць у Паставах. Лініі льнозавода мадэрнізавалі, мякка гаворачы, няўдала. Вытворца абяцаў, што за гадзіну на новым заводзе можна будзе перапрацоўваць 2 тысячы тон трасты. Па факце - калі без прастояў, то не больш як 800 кілаграмаў за гадзіну. Нават старая лінія, стаж працы якой чатыры дзясяткі гадоў, і то выдае большыя лічбы.

У падвешаным стане справа не застанецца - выразна даў зразумець Прэзідэнт. Вінаватыя панясуць крымінальную адказнасць. А вось лініі прыйдзецца замяніць. Гэта ляжа на плечы вобласці і Акадэміі навук, якая займалася праектам у Паставах. Наогул, працу ўсіх ільнозаводаў трэба акінуць глабальным поглядам і ацаніць, наколькі эфектыўна яны працуюць і як загружаныя.

Усе гэтыя праблемы - насення, адступлення ад тэхналогіі, недахопы мадэрнізацыі - вядуць да таго, што не хапае менавіта якаснай айчыннай сыравіны. Прыходзіцца закупляць імпартнае. А яна ўдвая даражэйшая. Гэта адбіваецца потым на кошце тканіны і таго, што з яе робяць. Дарэчы, аб тканіне. Кіраўнік дзяржавы таксама паставіў задачу па максімуме выкарыстоўваць айчыннае на швейных прадпрыемствах, у тым ліку камвольных і льняных. Свая кашуля, як ні круці, павінна быць бліжэйшая да цела.

Што таксама важна - так гэта прасоўванне айчыннай ільняной прадукцыі. Чаму ў расіянаў і кітайцаў, якія купляюць у нас ільновалакно, атрымліваецца з яго рабіць хадавы тавар, а ў нас пакуль слаба? Жыццё даказвае, што мяккі лён можа прыносіць цвёрдую валюту. Амаль 80% прадукцыі аршанскага прадпрыемства пайшло на экспарт. У Прыбалтыку, Францыю і нават у ЗША. Словам, вектар, здаецца, узялі правільны. Гэта і ратуе - так і гаворыць Прэзідэнт. Але наступны год стане момантам ісціны для аграрнага блока ва ўрадзе. Невыпадкова Міхаіл Русы - адзін з тых, хто захаваў сваю пасаду пасля маштабнага абнаўлення кіраўніцтва Саўміна.

Гутарка ў Оршы атрымалася канкрэтнай. Гаварылі і аб закупных цэнах на льновалакно, авансаванні, як захаваць ураджай ільнотрасты і сыравіну. Часам менавіта гаспадарскі падыход ва ўсіх пытаннях - заклад поспеху. Пазіцыю выказаў дзяржкантроль і навукоўцы. Нягледзячы на тое, што галоўнай тэмай гутаркі ў Оршы было менавіта льнаводства, толькі гэтым не абмежаваліся. Прэзідэнт глядзіць шырэй. Сучасны камбінат - толькі частка прамысловага сектара раёна, які дае магчымасць зарабіць і краіне, і людзям. Аляксандра Лукашэнку цікавіла сітуацыя на тых прадпрыемствах, якія на слыху. Інструментальны, мясазавод. Орша на адмысловым кантролі. Сапраўдны маяк для ўсіх астатніх - раён, дзе адпрацоўваюцца падыходы і тэхналогіі па адраджэнні рэгіёна. Да 2021 года трэба навесці поўны парадак. На чарзе Баранавічы, Пінск. Але да ўсіх гарадоў і раёнаў краіны адзін падыход - зрабіць усё, што можна, каб жыццё людзей у розных кутках краіны стала лепшым.