Максімальны вынік на Гульнях у Токіа - пытанне адказнасці спартсмена перад краінай

20 ноября 2019
Напярэдадні на алімпійскім сходзе  абмеркавалі медальныя перспектывы і шляхі развіцця спартыўнай галіны Беларусі.

Практычна ўсе чэмпіянаты свету гэтага сезона ўжо завершаны, таму можна падводзіць вынікі. Нашы атлеты заваявалі  восем узнагарод, дзве з іх залатыя. Асноўныя надзеі на галоўным старце чатырохгоддзя звязаны з веслярамі і пяціборцамі. У той жа час шэраг відаў спорту і дысцыплін, у якіх беларусы традыцыйна моцныя, да прызавых месцаў на сусветным узроўні не дацягвае. Адсюль і складанасці  яшчэ на этапе адбору на Гульні ў Токіа. Для спорту вышэйшых дасягненняў у краіне зроблена нямала, бо вынікі атлетаў - гэта імідж краіны. І менавіта за вынік патрабуюць  і ўзнагароджваюць.

Самая пільная ўвага - летнім алімпійскім відам

Добры вынік, які паказалі беларусы на дамашніх Еўрапейскіх гульнях,  не прычына для самазаспакаення. Канкурэнцыя на сусветным узроўні значна больш сур'ёзная. Тым не менш, і тут у нас традыцыйныя медальныя перспектывы.
Барацьба за права выступіць на Гульнях у Токіа прадоўжыцца да канца чэрвеня будучага года. У нацыянальнай камандзе ёсць яшчэ каля 200 кандыдатаў на ліцэнзіі, якія прадстаўляюць 28 відаў спорту.