Як паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара, дакумент закліканы стымуляваць працаздольных грамадзян да працы і забяспечыць выкананне імі канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржрасходаў.
З падрабязнасцямі Андрэй Лапцёнак.
Праект дакумента, закліканы стымуляваць нашых грамадзян працаваць, набыў форму дэкрэта. Растлумачым. Дакумент датычыцца толькі тых працаздольных грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржрасходаў.
Зараз ужо законам вызначаны механізм, у адпаведнасці з якім працаздольныя грамадзяне, якія больш чым паўгода не выплачвалі падаткі і, адпаведна, не прымалі ўдзелу ў фінансаванні дзяржрасходаў, будуць абавязаныя раз за год выплачваць збор. На сённяшні дзень прадугледжваецца спаганяць яго памерам 20 базавых велічынь.
Калі вы 183 каляндарныя дні за год і больш працуеце, займаецеся прадпрымальніцкай, рамеснай, творчай, адвакацкай або натарыяльнай дзейнасцю, аказваеце паслугі ў сферы аграээкатурызму, атрымліваеце адукацыю на дзённай форме навучання, значыць вы фінансуеце дзяржрасходы - выплачваць збор не прыйдзецца.
Перыяды выхавання дзіцяці ва ўзросце да 7 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей таксама будуць прыраўнаваныя да працоўнай дзейнасці, а значыць, дзеянне дэкрэту на выхавальнікаў не распаўсюджваецца.
У вычарпальным пераліку катэгорый грамадзян, што вызваляюцца ад выплаты збору таксама: недзеяздольныя грамадзяне, інваліды, асобы, маладзейшыя за 18 гадоў, пенсіянеры і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян.
Адпаведны збор ні ў якім разе не будзе з'яўляцца нейкай легалізацыяй, напрыклад, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Калі чалавек працуе, але не плаціць падаткі, без увагі не застанецца. У дзеючым заканадаўстве прапісаныя адпаведныя меры прымянення. Дарэчы, згодна з дэкрэтам, за ўхіленне, несвоечасовую або няпоўную выплату збору будзе таксама прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.
Зрэшты, сума збору, што падлягае выплаце плацельшчыкамі, можа быць паменшаная на сумы выплачаных імі ў мінулым падатковым перыядзе падаткаў. Акрамя таго, дысцыплінаваным плацельшчыкам сума збору можа быць паменшаная на 10%. Неабходна з 1 жніўня бягучага падатковага перыяду, гэта значыць з 1 жніўня гэтага года па 31 мая 2016-га прад'явіць у падатковы орган адпаведнае апавяшчэнне. У гэтым выпадку выплату збору можна расцягнуць да 1 ліпеня 2016 года. Але не пазней.
Канчатковая дата выплаты збору - 15 лістапада 2016 года. Падатковая папярэдзіць паведамленнем праз заказны ліст або ўручыць асабіста. Але дэкрэт ужо ўступае ў дзеянне і будзе прымяняцца да адносін, што ўзніклі з 1 студзеня 2015 года.
Паводле афіцыйных звестак, у краіне налічваецца каля 400 тысяч чалавек, якія не прымаюць удзелу ў фінансаванні дзяржрасходаў.













