Кадравы дзень у Кіраўніка дзяржавы

12 мая 2017

Павышэнне ўзроўню жыцця людзей, развіццё рэгіёнаў, пытанні бяспекі, адукацыі, спорту - гэта галоўныя тэмы кадравага дня ў Кіраўніка дзяржавы. На іх зрабіў акцэнт Прэзідэнт, прымаючы рашэнні аб прызначэннях.

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Юрыя Шулейку памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Гомельскай вобласці. Па выніках абноўлена і мясцовая вертыкаль. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне кіраўнікоў раёнаў у Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцях. Так, новыя старшыні райвыканкамаў у Паставах, Расонах, Ушачах, Чашніках, Шаркаўшчыне, Хойніках, а таксама ў гарвыканкаме Бабруйска. У першую чаргу перад імі стаіць задача - аператыўна завяршыць пасяўную кампанію, нягледзячы на непрадказальнасць надвор'я. У цэлым Прэзідэнт скіраваў кіраўнікоў надаць асаблівую ўвагу тэхналагічнаму падыходу ў сферы АПК на месцах і сацыяльным пытанням.

Кадравыя змяненні закранулі і сферу адукацыі. Новы рэктар у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Ім стаў Сяргей Рэпкін. Ад яго чакаюць свежага погляду на падрыхтоўку спартыўных кадраў. Прэзідэнт лічыць, што трэба рабіць стаўку на айчынных трэнераў і асабліва на месцах. Змяніўся склад кіраўнікоў у сістэме органаў унутраных спраў. Прэзідэнт прызначыў начальнікам УУС Брэсцкага аблвыканкама Аляксандра Астрэйку. А Іван Кубракоў узначаліў упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Максім Міронаў будзе працаваць на чале Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці.

Кадравыя змяненні закранулі і Белтэлерадыёкампанію. Намеснікам старшыні галоўнага медыяхолдынга краіны прызначаны Іван Эйсмант. Ведае тэлекухню ад і да. Доўгі час працаваў палітычным аглядальнікам. Апошнія гады ўзначальваў Агенцтва тэленавін. Падрабязнасці кадравага дня ў Кіраўніка дзяржавы сёння ў "Панараме".