Кадравы чацвер. Прызначаны новы міністр культуры, кіраўнікі дыпмісій, перастаноўкі ў кіраўніцтве МУС

19 ноября 2020

Вялікі кадравы дзень прэзідэнта. Аб узмацненні ўплыву культуры на ўсе аспекты грамадскага жыцця ішла размова падчас прызначэння новага міністра культуры. Ім стаў Анатоль Маркевіч.

Задача для Мінкульта: узмацніць уплыў культуры на ўсе аспекты грамадскага жыцця

Перад новым кіраўніком стаіць адказны аб'ём працы. Гэты і працяг дзейнасці па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама стварэнне ўсіх неабходных умоў для творчай рэалізацыі беларусаў. Падчас прызначэнняў абмяркоўваліся і такія праблемныя тэмы, як сітуацыя вакол Купалаўскага тэатра. Вырашыць яе - таксама адна з задач для новага міністра, які павінен стаць менеджарам, быць зацікаўленым перш за ўсё ў эфектыўнай працы ўсёй сферы, звязанай з мастацтвам.

Кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве МУС забяспечаць больш эфектыўную працу міліцыі

Аб забеспячэнні парадку на вуліцах Беларусі ішла размова падчас кадравых перастановак у кіраўніцтве МУС.   Юрый Назаранка прызначаны першым намеснікам міністра ўнутраных спраў, начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі. Пры гэтым Генадзь Казакевіч захоўвае пасаду намесніка міністра, але ўжо без прыстаўкі "першы" і застаецца начальнікам крымінальнай міліцыі. Мікалай Карпянкоў, які ўзначальваў ГУБАЗіК стаў намеснікам міністра ўнутраных спраў і будзе камандаваць унутранымі войскамі. Новая пасада і ў Андрэя Любімава. Зараз ён начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.

Прызначаны паслы ў Кітай, Азербайджан, Арменію, Пакістан і Кенію

Змяненні адбыліся і ў сістэме дыппрадстаўніцтваў Беларусі за мяжой. Юрый Сянько паедзе працаваць паслом у Кітай. Андрэй Раўкоў узначаліць беларускае пасольства ў Азербайджане. Аляксандр Канюк - у Арменіі. Андрэй Мяцеліца - у Пакістане. Павел Узяткін паедзе ў Кенію і па сумяшчальніцтве будзе прадстаўляць нашы інтарэсы ў Танзаніі, Угандзе, Эфіопіі, а таксама шэрагу міжнародных арганізацый. Прэзідэнт нагадаў задачы для дыпламатаў.

Прэзідэнт разгледзеў кадравыя пытанні

Акрамя таго, прэзідэнт прызначыў Алену Кухарэвіч першым намеснікам старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта. На пасаду намесніка старшыні гэтага ведамства, якая вызвалілася, перайшла Наталля Тарасюк.