Вынікі кадравага дня ў Прэзідэнта

19 августа 2019

Прынцыповыя моманты  работы на месцах і арыенціры для беларускай ідэалогіі сёння прагучалі ад Прэзідэнта. Кадравы панядзелак стаў падставай закрануць гэтыя тэмы.  Пра тое, што справядлівасць павінна ляжаць у аснове ўсіх дзеянняў улады, Аляксандр Лукашэнка гаварыў неаднаразова. Паўтарыў гэты меседж і сёння, калі ўзгадняў прызначэнні кіраўнікоў раёнаў: пул кіраўнікоў прыкметна абнавіўся ў Магілёўскай вобласці. Важныя кадравыя змяненні закранулі і палітычны штаб. Аляксандр Лукашэнка прызначыў Андрэя Кунцэвіча намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Уключыцца ў працу ўсім прыйдзецца без разварушвання - у рэгіёнах ідзе ўборачная кампанія, пачалася і парламенцкая гонка. Гэта сур'ёзны іспыт для ўлады на месцах ды і для краіны ў цэлым. Кіраўнікоў розных узроўняў Прэзідэнт заклікае прайсці гэты этап годна. Але галоўнае - і зараз, і па-за электаральнымі перыядамі -  не забываць пра людзей, чуць запыты і праблемы тых, хто жыве і ў цэнтры, і ў рэгіёнах. Падрабязнасці  ў Наталлі Брэвус. 

Заўсёды ў авангардзе, заўсёды на перадавой. Менавіта так бачыць працу сваёй Адміністрацыі Аляксандр Лукашэнка, пра што неаднаразова гаварыў апарату. Гэты дзяржорган павінен генераваць ідэі і быць сур'ёзным экспертным цэнтрам пры прыняцці рашэнняў. З гэтага часу ў камандзе Адміністрацыі будзе працаваць Андрэй Кунцэвіч. Раней на пазіцыі намесніка ён курыраваў пытанні ідэалогіі і сацыякультурнай сферы ў Магілёўскім аблвыканкаме. Зараз будзе адказваць за ідэалогію, работу грамадскіх аб'яднанняў і СМІ ў маштабе ўсёй краіны. Атрымліваецца, зараз ён  самы малады намеснік Наталлі Качанавай. Кунцэвічу  40 гадоў. Гэтае рашэнне ў духу новай кадравай палітыкі - трэнд на сур'ёзнае амаладжэнне кадраў. І сігнал для амбіцыйных людзей -  разумныя кіраўнікі і на перыферыі прыкметныя. 

"Няма права на памылку", - гэтыя словы Прэзідэнт адрасаваў і кіраўніку сваёй Адміністрацыі. Маўляў, сабе даражэй памыляцца ў намесніках. Ідэалогія - тонкая сфера. А тут яшчэ і парламенцкая кампанія пачалася. Менавіта ў такія моманты вастрэй адчуваецца, што барацьба за маладыя розумы ды і не толькі ідзе не на жарт. І ў Глабальнай сетцы, і па-за ёй. Прэзідэнт не раз падкрэсліваў, што электаральны перыяд у краіне трэба прайсці годна і спакойна.

Уменне працаваць з людзьмі, разуменне запытаў грамадства плюс журналісцкі вопыт. Пачынаў новы галоўны ідэолаг кар'еру яшчэ ў мясцовай раёнцы. Усё гэта дапаможа на высокай пасадзе з улікам таго, што курыраваць будзе і прэсу. Рэпарцёрам так і сказаў: будзем часта сустракацца. 

Андрэй Кунцэвіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Галоўнае, на што звярнуў увагу падчас прызначэнняў Прэзідэнт, - гэта работа з людзьмі, вырашэнне іх надзённых праблем, што з'яўляецца па сутнасці першачарговай задачай кіраўнікоў любога ўзроўню. Трэба не хавацца ад вострых пытанняў, якія хвалююць нашых людзей, а сумесна шукаць шляхі іх вырашэння, выкарыстоўваючы любыя актуальныя каналы для зваротнай сувязі. Гэта, бадай, ёсць галоўная задача ідэалагічнай вертыкалі ўлады на сёння".

Па выніках кадравага панядзелка ў Магілёўскі рэгіён вяртаецца  Валерый Малашка, які  раней кіраваў Міністэрствам аховы здароўя. Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў яго прызначэнне намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. 

Прыкметна абнавіўся і пул кіраўнікоў у гэтай вобласці. Так, Бялыніцкі раён узначаліць Васіль Захарэнка. Мікалай Сцяпанаў    будзе працаваць старшынёй Дрыбінскага райвыканкама. Аляксандр Яфімчыкаў узгоднены Прэзідэнтам на пасаду кіраўніка Чавускага раёна. Іх рух па кар'ернай лесвіцы прыпаў на самы гарачы для раёнаў час - ідзе ўборачная кампанія. Апошнія паездкі Прэзідэнта ў рэгіёны дазволілі ўбачыць, дзе трэба паднаціснуць, а каму  падставіць плячо (відэа).