Мастацкая рэстаўрацыя сталічных ліхтароў

12 июня 2017

6 слупоў ля мінскай ратушы з арнаментам паводле слуцкага пояса набылі новае аблічча. Апгрэйд правялі па ініцыятыве адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Так, фартухі светлавых апор, распрацаваныя яшчэ Міхалапам - першым дырэктарам Дзяржаўнай мастацкай галерэі БССР, набылі адценні вохры.

Усе дэталі - у рэпартажы Ніны Мажэйкі. "Замест персідскага ўзора – цвяток радзімы васілька". Радкі Багдановіча маюць навуковы фундамент. Кветкі на слуцкім поясе – ці валошкі, ці гваздзікі – вобраз зборны. Рэнесансныя ўзоры ў савецкім Мінску першым укараніў Мікалай Міхалап. Той самы першы дырэктар Дзяржаўнай мастацкай галерэі БССР. Арнаменты на ліхтарных слупах па праспекце Незалежнасці не адразу кідаюцца ў вочы, але робяць непаўторным вобраз сталіцы.

Распрацоўка мела рэзананс. Пасля вайны Міхалап стаў заканадаўцам дызайнерскай моды ў Саюзе. Побытавая кераміка, нават люстры вырабляліся па яго эскізах.

Такія ліхтарныя слупы з савецкага тыповага каталогу. Але поўнай копіі, як у Мінску, няма больш нідзе. Бо дызайнер праекта Міхалап зрабіў эскізы выключна паводле слуцкага пояса. Так страчаная падчас вайны спадчына аказалася мастацкім эксклюзівам у гарадской прасторы.

Мастацкі апгрэйд нацыянальнай спадчыны зрабілі студэнты беларускай Акадэміі мастацтваў. Дадалі фактуры і колеру фартухам на ліхтарных слупах. Эмаль па канонах слуцкага пояса – у адценнях вохры.

Гарызанталь сталіцы даўжынёй 15 км зараз прэтэндуе на радок у спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Сучаснага глянцу аксесуарам праспекта Незалежнасці – ліхтарам – дадалі па ідэі адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы.

Пакуль толькі 6 светлавых апор закранула мастацкая рэстаўрацыя. Арт-праект вярнуў мінскую рэліквію да 950-годдзя сталіцы.