Кіраўнік дзяржавы ўручыў прэміі За духоўнае адраджэнне

9 января 2014
Пачнем мы сёння з цырымоніі, якая сабрала ў Палацы Рэспублікі ўсю красу нашай культурнай эліты, творчую інтэлігенцыю, а таксама людзей, без якіх дабрабыт сучаснага грамадства цяжка ўявіць: урачоў, настаўнікаў, светароў, навукоўцаў… Кіраўнік дзяржавы ўручыў прэміі За духоўнае адраджэнне, а таксама спецыяльныя прэміі, у тым ліку і такую - Беларускі спартыўны Алімп. Гэтай традыцыі ўжо шмат гадоў: у калядны тыдзень адзначаць тых, чый уклад не прынята вымяраць справаздачамі аб фінансавых паступленнях. Гэта людзі, пра якіх можна сказаць: Нацыянальны набытак. Не без гонару зазначым, што гэтым разам сярод лаўрэатаў і нашы калегі.

Усе падрабязнасці ў Святланы Канапацкай.

Такая падзея ў жыцці краіны здараецца толькі раз на год. Свята Раства Хрыстова і ўручэнне прэмій За духоўнае адраджэнне. Раство і адраджэнне - у гэтай сугучнасці слоў уся сутнасць сённяшняй падзеі. Прэзідэнт асабіста ўручае прэміі тым людзям, якія ў мінулым 2013 годзе сваёй дзейнасцю зрабілі асаблівы ўклад у тое, што завецца духоўным жыццём грамадства.

На сцэну Палаца Рэспублікі разам выходзяць Кіраўнік дзяржавы і Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. У гэтым адзінстве тут асаблівы сэнс.

Перад тым як выканаць ганаровую місію, Прэзідэнт звярнуўся са словамі прывітання. Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра стаўленне беларусаў да духоўнай спадчыны.
І вось кульмінацыя падзеі. На сцэну выходзяць лаўрэаты самай прэстыжнай прэміі краіны. Па выніках 2013 года прысвоена 5 прэмій За духоўнае адраджэнне. Светары і педагогі, медыкі і прадстаўнікі дабрачынных арганізацый.

Сярод лаўрэатаў прэміі - епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Гэта ўзнагарода за значны асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, сацыяльную і асветніцкую дзейнасць.

Гэты ўрачысты момант - годная ўзнагарода калектыву Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі. За сённяшнім святам стаяць складаныя будні доктара, які працуе з хворымі дзецьмі.

Дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі намаганнямі ўрачоў хутчэй нагадвае санаторый. Для дзяцей з сур'ёзнымі захворваннямі тут імкнуцца стварыць свята, якое так неабходна пасля доўгіх курсаў лячэння. Укараняюць найноўшыя тэхналогіі лячэння, якія дазволяць дзецям-інвалідам адаптавацца ў грамадстве.

Галіна Радзівонава, галоўны ўрач дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі, лаўрэат прэміі За духоўнае адраджэнне: Гэта не падвядзенне вынікаў дзейнасці, а наадварот, гэта нейкая планка, якая стымулюе калектыў для далейшага росту, прафесіяналізму кожнага чалавека ў калектыве і калектыва ў цэлым.

Прэмія За духоўнае адраджэнне прысуджаная таксама калектыву Быхаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната за іх шматгадовую працу па сацыяльнай абароне насельніцтва. Таксама высока адзначана праца Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання Беларускі дзіцячы фонд за значны ўклад у ахову правоў дзяцей і рэалізацыю сацыяльна значных гуманітарных праектаў. Адметная рыса года: часцей за іншых на сцэну па самую прэстыжную прэмію краіны выходзілі людзі, якія робяць усё, каб дарыць цяпло і клопат дзецям, асабліва тым, каго кінулі родныя.

Дзесяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта прысвоеныя прадстаўнікам творчых прафесій. Асабліва прыемна, калі на сцэну галоўнага палаца краіны паднімаюцца калегі-журналісты. Гэта менавіта такі момант. На сцэне журналісты Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі. Прэзідэнт уручае прэміі творчаму калектыву за стварэнне серыі гістарычных фільмаў - ад Слуцкіх паясоў да нацыянальнай дылогіі і аповеду пра таямніцы сям'і Радзівілаў.

На галоўную сцэну Палаца Рэспублікі сёння паднімаліся артысты, мастакі, паэты і музыканты. Іх аб'ядноўвае тое асаблівае светаадчуванне, у якім няма месца абыякавасці: усё, што вакол нас і з намі, яны перадаюць вобразамі дзеля выхавання і натхнення.

Галоўны рэдактар часопіса Полымя Мікалай Мятліцкі ўдастоены прэміі за пераклад на беларускую мову кнігі, дзе сабраная паэзія Кітая. Далёкая краіна стала для Беларусі больш блізкай. Не мае межаў і свет мастацкіх вобразаў. Гэта пацвердзіў яшчэ адзін лаўрэат спецпрэміі Прэзідэнта жывапісец Уладзімір Кожух.

Навінка гэтага года - заснаваная прэмія Беларускі спартыўны Алімп 2013 года. Яе лаўрэатамі сталі трэнеры-выкладчыкі, якія рыхтуюць алімпійскі рэзерв для краіны: Людміла Дрозд з Мінска, трэнер з Магілёва Анатоль Лабачоў і з Гродна Марына Пратасава.

За 17 гадоў існавання гэтай прэстыжнай узнагароды лаўрэатамі станавіліся людзі вельмі розных прафесій. Але з адной агульнай рысай: гэта тыя, хто беражліва захоўвае і развівае самае дарагое, што ёсць у народа, - яго духоўнасць, культуру, гісторыю. У іх гонар сёння лепшыя творчыя калектывы краіны падрыхтавалі святочны канцэрт.