Кіраўнік дзяржавы зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў

16 января 2019

Напярэдадні Кіраўнік дзяржавы зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў. Памочнікам Прэзідэнта ў Гродзенскай вобласці прызначаны Іван Лаўрыновіч. Міністр транспарту і камунікацый Беларусі з гэтага часу Аляксей Аўраменка. Старшынёй Дзяржстандарту стаў Валянцін Татарыцкі. Абноўлены пул кіраўнікоў мясцовай вертыкалі.

У прыватнасці, узгоднена прызначэнне старшынь райвыканкамаў у Ветцы, Нароўлі, Рагачове, Клецку, Пухавічах і Жодзіне. Генадзь Барысюк стаў намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама. Адразу два новыя намеснікі ў старшыні Мінгарвыканкама. Гэта Аляксандр Дараховіч і Арцём Цуран. Задачы для кіраўніцтва сталіцы былі вызначаныя зусім нядаўна. Галоўнае - зрабіць Мінск горадам утульным і зручным для жыцця. Прэзідэнт адзначыў, што нямала зроблена ў абнаўленні абласных цэнтраў - Брэста і Гомеля, асабліва ў сацыяльнай сферы. За вынікі гэтай працы адказвае кіраўніцтва аблвыканкамаў. Звяртаючыся да новых кіраўнікоў, Аляксандр Лукашэнка нацэліў іх на дысцыпліну і выканаўчасць, а таксама перасцярог іх ад фактаў карупцыі. Прэзідэнт анансаваў свае паездкі ў гэтыя рэгіёны, каб ацаніць развіццё абласцей.

У гэты ж дзень Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з міністрам нацыянальнай абароны Турэцкай рэспублікі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі вельмі ўважліва назіраюць за дзеяннямі Узброеных сіл Турцыі. А таксама высока ацаніў эфектыўнасць і планавасць дзеянняў турэцкай арміі. Беларусь заўсёды была для гэтай дзяржавы надзейным сябрам і партнёрам. Прыхільнасць такому курсу ў эканоміцы, гандлі і ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У сваю чаргу высокі госць перадаў беларускаму лідару запрашэнне Прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана наведаць Турцыю ў найбліжэйшы час.