Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з выпускнікамі вышэйшых ваенных навучальных устаноў

4 июля 2013
Сярэдзіна лета ў Беларусі - гэта час вялікіх традыцый і святаў. Напярэдадні ўсёй краінай мы адзначылі Дзень Незалежнасці. Наперадзе - мерапрыемствы, якія журналісты ўжо звыкла называюць нашымі нацыянальнымі брэндамі - Александрыя збірае сяброў, Славянскі базар. І сённяшняя сустрэча ў рабочым графіку Прэзідэнта Беларусі - гэта таксама традыцыя, якой не адзін год, гэтая сустрэча вянчае ўрачыстасці, прысвечаныя Дню Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з выпускнікамі вышэйшых ваенных навучальных устаноў - маладымі людзьмі, якіх зусім хутка мы назавём элітай Узброеных Сіл Беларусі. Зрэшты, былі сёння ў Палацы Рэспублікі і вайскоўцы, якія для ўчарашніх студэнтаў - выдатны прыклад. Прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу сілавых структур Прэзідэнт уручыў генеральскія пагоны.
З падрабязнасцямі - Сяргей Гусачэнка.

Яшчэ ўчора ў Мінску ішоў ваенны парад, а вячэрняе неба азаралі залпы салюту. Сёння Узброеныя Сілы Беларусі чарговы раз папоўніліся прафесійнымі кадрамі. Гэтая традыцыя становіцца нязменнай: больш за дзесяць гадоў запар, акурат пасля Дня Незалежнасці, для выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў Кіраўнік дзяржавы праводзіць урачысты прыём. Для афіцэрскай эліты гэта, мабыць, галоўны падарунак да галоўнага дзяржаўнага свята краіны. За поспехі ў вучобе і на ніве воінскай службы сёння з рук Кіраўніка дзяржавы хтосьці атрымаў падзякі, а хтосьці - чарговыя воінскія званні.
У Палацы Рэспублікі - сотні выпускнікоў, якія ўвальюцца ў камандны склад Узброеных Сіл, памежных і ўнутраных войскаў. За плычамі - гады напружанай працы. Вялікая частка вучылася на роднай зямлі, зрэшты, Ваенная акадэмія не першы год рыхтуе кадры для краін-суседак. Тайрат Даутаў - палкоўнік Узброеных Сіл Казахстана - адзначае, што ў Мінску атрымаў добры багаж ведаў.
Звяртаючыся да выпускнікоў, Кіраўнік дзяржавы гаворыць пра якасць і эфектыўнасць падрыхтоўкі ваенных кадраў. Што асабліва важна на сучасным этапе, калі на карце свету ўспыхваюць усё новыя канфлікты і войны. Паводле слоў Прэзідэнта, адстойваць нацыянальныя інтарэсы Беларусь будзе ўсімі даступнымі спосабамі.
Вайскоўцам трэба будзе вырашаць складаныя і адказныя задачы па падрыхтоўцы войскаў, падтрыманні іх баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці. Шматлікія з прысутных ужо ў верасні прымуць удзел у сумесных вучэннях Захад-2013. Стаўленне да людзей у форме ў Прэзідэнта асобае. Кіраўнік дзяржавы служыў ва Узброеных Сілах і знаёмы з салдацкімі буднямі. Прэзідэнт просіць афіцэраў пастаянна ўдасканальвацца і выхоўваць новае пакаленне грамадзян.
У Палацы Рэспублікі гучаць урачыстыя матывы: надыходзіць самая прыемная частка цырымоніі. За выдатныя поспехі ў вучобе і ўзорнае выкананне воінскага абавязку лепшым выпускнікам гэтага года Прэзідэнт уручае падзякі. Афіцэры чаканяць крок і гавораць: Служу Беларусі!.
Уладзіміру Уладзіміравічу ёсць што распавесці журналістам. Начальнік галоўнай міліцэйскай ВНУ краіны гаворыць пра ўкараненне новых стандартаў у падрыхтоўку кадраў. Сёлета Акадэміі МУС споўнілася 55. За гэты час са сцен выйшлі 25 тысяч выпускнікоў, сярод якіх 38 генералаў. Генеральскія пагоны прымерыў сёння і кіраўнік.
Вышэйшы афіцэрскі склад сілавых структур папоўніўся яшчэ адным генерал-маёрам міліцыі. Пагоны ўручаны начальніку УУС Віцебскага аблвыканкама Ігару Яўсееву. Самі ўзнагароджаныя высокія званні прымаюць не толькі на свой рахунак, але гавораць, гэта заслуга сям'і і блізкіх: ім прыходзіцца таксама перажываць усе нюансы ваеннай службы.
Пракурор Гродзенскай вобласці - на пасадзе пяць гадоў. Сёння Віктару Марозу прысвоена званне дзяржсаветніка юстыцыі трэцяга класа. У заслугу праваахоўнаму блоку ён ставіць не толькі паніжэнне злачыннасці, але і якасць аператыўна-вышуковай работы. У Гродзенскай вобласці няма ніводнага не раскрытага злачынства.
У завяршэнні Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў афіцэраў з заканчэннем вучобы і пажадаў поспехаў у нялёгкай, але высакароднай працы. Пасля ўрачыстай часткі - зносіны ў нефармальнай абстаноўцы. Прыём ад Кіраўніка дзяржавы, дзе можна крыху расслабіцца. Першы тост, зразумела, за афіцэрскі склад, для якога абарона Айчыны павінна стаць справай усяго жыцця.