Дагавор аб асновах супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Грузіяй падпісаны сёння ў Тбілісі

22 марта 2018

Дагавор аб асновах супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Грузіяй падпісаны сёння ў Тбілісі па выніках перамоў лідараў дзвюх краін.

Подпісы пад дакументам паставілі прэзідэнты - Аляксандр Лукашэнка і Георгій Маргвелашвілі.

У дагаворы замацаваны намер Беларусі і Грузіі спрыяць умацаванню ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Аб канкрэтных праектах, умацаванні кааперацыі ў прамысловасці ішла сёння размова падчас перамоў. Як падкрэсліў беларускі лідар, краіны за апошнія гады здолелі нанова ўзнавіць двухбаковыя адносіны.

Грузінскі лідар, падводзячы вынікі, адзначыў, што падпісаныя сёння дакументы ствараюць стабільную аснову двухбаковых адносін па розных кірунках. Георгій Маргвелашвілі ахарактарызаваў дамоўленасці як гістарычныя.

Георгій Маргвелашвілі, Прэзідэнт Грузіі:

"Мы дасягнулі прынцыповых вышынь, прынцыповыя крокі ўжо зробленыя. І я ўпэўнены ў тым, што фундамент, які мы заклалі ва ўзаемаадносіны, дасць магчымасць бізнесу і грамадству, навуковай сферы шырока развівацца".

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў падпісаны яшчэ 10 дакументаў, накіраваных на развіццё супрацоўніцтва па канкрэтных кірунках.