Cёння мы віншуем адно аднаго і гаворым дзякуй ветэранам

9 мая 2015

Роўна сем дзесяцігоддзяў таму свет уздыхнуў з аблягчэннем - прыйшла перамога. І сёння мы віншуем адно аднаго, гаворым дзякуй ветэранам і разумеем, у якім неаплатным доўгу мы перад імі. Аддаць даніну памяці і павагі ў Дзень Вялікай Перамогі тысячы беларусаў сабраліся ў самім сэрцы сталіцы. Сярод прысутных - вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, свяшчэннікі, дыпламаты і, вядома ж, ветэраны. Па традыцыі, першы вянок да падножжа абеліска на плошчы Перамогі кладзецца ад Кіраўніка дзяржавы.

Следам за Прэзідэнтам даніну памяці загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай аддаюць кіраўніцтва ўрада, парламентарыі, службовыя асобы краіны, кіраўнікі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў і прадстаўнікі замежнага дыпкорпусу. Затым усе прысутныя ўшанавалі памяць салдат-вызваліцеляў хвілінай маўчання.

Гукі дзяржаўнага гімна як напамін аб адраджэнні і незалежнасці Беларусі. Урачыстым маршам, аддаючы даніну памяці героям Вялікай Айчыннай, па плошчы Перамогі, чаканячы крок, праходзіць рота ганаровай варты. Затым Аляксандр Лукашэнка вітае кіраўнікоў дыпламатычных місій замежных дзяржаў і ваенных аташэ.

І, вядома, самыя цёплыя зносіны Кіраўніка дзяржавы з ветэранамі. Прэзідэнт падзякаваў удзельнікам Вялікай Айчыннай за перамогу ў самай кровапралітнай вайне ў гісторыі чалавецтва, пажадаў ім моцнага здароўя і перадаў віншаванні ад кіраўніцтва Расіі.

Затым Аляксандр Лукашэнка накіраваўся да стэлы "Мінск - горад-герой", дзе ў чаканні галоўнага дзейства сённяшняга дня - ваеннага парада - сабраліся тысячы мінчан і гасцей сталіцы.