Бяспека і эканамічнае вымярэнне - галоўныя прыярытэты Беларусі ў працы ШАС

9 июня 2017

Бяспека і эканамічнае вымярэнне. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пазначыў галоўныя прыярытэты Беларусі ў працы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Саміт лідараў аб'яднання адкрыўся сёння ў Астане. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва - гэта міжнароднае аб'яднанне, якое існуе ўжо больш за 15 гадоў. Насельніцтва краін, якія ўваходзяць у яго склад, - амаль палова жыхароў планеты. Сумарны аб'ём ВУП - больш за 30 трыльёнаў долараў. Асаблівую ўвагу члены арганізацыі надаюць пытанням стабільнасці і бяспекі, пераадолення новых выклікаў і пагроз. Гэта ўжо другі саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, у якім Беларусь удзельнічае ў статусе назіральніка. Месцам правядзення буйнога міжнароднага форуму стаў Палац незалежнасці ў Астане.

Падчас выступлення на форуме Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што далучэнне Беларусі ў якасці назіральніка да аб'яднання было правільным выбарам. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва ператвараецца ў адну з самых уплывовых міжнародных структур. Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў гатовасць нашай краіны ўмацаваць статус Беларусі як сувязнага звяна паміж Еўропай і Азіяй.

Краін, якія падтрымліваюць шанхайскі дух раўнапраўнага, узаемавыгаднага і мірнага існавання народаў, становіцца больш. Навіна гэтага дня: паўнапраўнымі ўдзельнікамі арганізацыі сталі дзве наймагутнейшыя дзяржавы - Індыя і Пакістан. Важны акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на эканамічным вымярэнні міжнароднай арганізацыі.

Маштабны саміт і прысутнасць такой колькасці сусветных лідараў - не толькі для абмеркавання пытанняў парадку форуму. Гэта магчымасць правесці двухбаковыя перамовы. Зносіны лідараў і кіраўнікоў міжнародных структур на палях саміта дазваляюць зверыць гадзіннікі па ўсіх цікавых для бакоў тэмах. У Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Астане ўжо адбыўся шэраг сустрэч і перамоў, у тым ліку з Генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам. У кулуарах саміта Аляксандр Лукашэнка прадметна пагутарыў з прэм'ер-міністрам Індыі. Нарэндра Моды запрасіў беларускага лідара ўвосень працягнуць перамовы ў Нью-Дэлі. Грунтоўная гутарка адбылася і з прэм'ер-міністрам Пакістана перад яго візітам у Беларусь. Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчы з лідарамі Расіі, Кітая, Афганістана і Таджыкістана. Зацікаўленасць у візіце Прэзідэнта Беларусі і ў Ірана.

Наперадзе лідараў чакае ўрачыстае адкрыццё ЭКСПА-2017. Міжнародная выстава праходзіць пад дэвізам "Энергія будучыні". На экспазіцыі свае дасягненні паказваюць больш як сто дзяржаў. У тым ліку і наша краіна. Працуе беларускі павільён.