Беларуска-грузінскія адносіны на вачах мяняюцца ў лепшы бок

22 апреля 2015

Сёння пачаўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію. Каля 6 гадзін вечара па мінскім часе борт нумар 1 прызямліўся ў Тбілісі. Гэта першы афіцыйны візіт Кірўніка дзяржавы ў гэтую краіну. У праграме - перамовы з Прэзідэнтам Георгіем Маргвелашвілі і прэм'ер-міністрам Іракліем Гарыбашвілі, а таксама цырымонія падпісання двухбаковых дакументаў. Як плануецца, пасля афіцыйных мерапрыемстваў у Тбілісі Аляксандр Лукашэнка накіруецца ў Аўтаномную Рэспубліку Аджарыя. У Батумі запланаваныя перамовы са старшынёй Кабінета міністраў Аджарыі Арчыпам Хабадзэ. Сёння ж напярэдадні візіту Прэзідэнта Беларусі ў Тбілісі прайшоў грузіна-беларускі бізнес-форум. Наконт чаго дамовіліся дзелавыя колы дзвюх краін і якія сферы ўяўляюць узаемную цікавасць, у рэпартажы Сяргея Хамянтоўскага.

Беларусь і Грузія пасля набыцця статусу незалежных дзяржаў доўга не праяўлялі адна да адной вялікай цікавасці. Сёння беларуска-грузінскія адносіны на вачах мяняюцца ў лепшы бок. Зараз паміж Мінскам і Тбілісі многае з прыстаўкай "упершыню". Першы дзяржвізіт беларускага лідара і першы ў гісторыі адносінаў дзвюх краін бізнес-форум.

Борт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску яшчэ рыхтаваўся да палёту, а беларуская бізнес-місія ўжо працавала ў Тбілісі. Амаль паўсотні прадстаўнікоў буйных айчынных кампаній у "Марыёт" прывезла Беларуская гандлёва-прамысловая палата.

Але найлепшыя перспектывы ў сельгасмашынабудаўнікоў. АПК Грузіі ў чаканні сур'ёзных інвестыцый, а фермеры - новай тэхнікі. Сур'ёзна абмяркоўваецца стварэнне сумесных вытворчасцяў.

Кіраўнік бізнес-місіі - віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы - пры слове "тавараабарот" хітра ўсміхаецца. 64 мільёны долараў з Грузіяй - гэта мала. За год можна падвоіць. Патэнцыял вялізны, адсюль можна гандляваць па ўсім Закаўказзі.

Грузія для Беларусі партнёр перспектыўны. Нягледзячы на выхад Тбілісі з СНД, у беларуска-грузінскіх адносінах захаваны рэжым свабоднага гандлю. Але і гэта не ўсё. Беларусь можа стаць акном для Грузіі на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. Ад асацыяцыі Тбілісі з ЕС можа быць карысць і для Мінска.

Жаданне пашырыць эканамічныя адносіны дазволіла падысці да вынікаў бізнес-форуму з салідным пакетам кантрактаў. Бізнесмены падпісалі каля дзясятка пагадненняў. У плюсе ад партнёрства з беларусамі і кампанія Георгія Мшвілдадзэ. Зараз у таварным партфелі яго бізнесу новая пазіцыя - буйнагабарытныя шыны з Бабруйска. Гаворыць: цана і якасць на ўзроўні, трэба гандляваць па ўсім Закаўказзі.

У міжнародным аэрапорце Тбілісі ў гонар высокага госця флагі і ганаровая варта. У Грузіі Аляксандра Лукашэнку сустракаюць з асаблівымі ўшанаваннямі. Гэта першы дзяржаўны візіт беларускага лідара.

Мінск і Тбілісі гатовыя ісці насустрач. Гэта стала зразумела, як толькі Аляксандр Лукашэнка сышоў з трапа самалёта. Прэзідэнта гасцінна сустракаюць з нацыянальным каларытам.

Павітаць Кіраўніка беларускай дзяржавы ў аэрапорт прыехалі віцэ-прэм'ер, кіраўнік адміністрацыі Прэзідэнта і міністр замежных спраў Грузіі. Пасля кароткіх перамоў тут жа, у віп-зале паветранай гавані, Аляксандр Лукашэнка накіроўваецца ў парк Перамогі.

У год 70-годдзя Вялікай Перамогі Аляксандр Лукашэнка не мог не наведаць Магілу Невядомага Салдата ў Тбілісі. Падчас Вялікай Айчыннай на фронт пайшлі 700 тысяч грузін, і амаль палова дамоў не вярнулася.

Заўтра афіцыйны дзень перамоў без сумнення гістарычнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Грузію. У Аўлабарскай рэзідэнцыі пройдзе сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Георгія Маргвелашвілі. Пасля перамоў два лідары падпішуць сумесную заяву, а міністры - 15 пагадненняў аб супрацоўніцтве ў розных сферах. У другой палове дня Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з духоўнай уладай Грузіі - Патрыярхам Іліёй Другім.