Беларусь і Кітай выходзяць на новы ўзровень двухбаковых адносін

12 мая 2015

Узаемадзеянне паміж рэгіёнамі і прадпрыемствамі павінна стаць вядучай рухаючай сілай супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. На гэта беларускі лідар звярнуў увагу, адкрываючы напярэдадні Беларуска-кітайскі міжрэгіянальны бізнес-форум. Ужо зараз можна гаварыць аб вялікай выніковасці дзяржаўнага візіту Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь і Кітай выходзяць на новы ўзровень двухбаковых адносін. У рэгіянальным узаемадзеянні ў першую чаргу патрэбна рэалізацыя інвестыцыйных праектаў. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на тое, што ў Беларусі створаны ўнікальныя ўмовы для інвеставання.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў Сі Цзіньпіна, што Беларусь зробіць усё неабходнае для эфектыўнага прасоўвання Кітаем сваіх інтарэсаў у Еўропе. У сваю чаргу старшыня КНР заявіў, што яго краіна зацікаўлена ў развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва з Беларуссю, у тым ліку і на міжрэгіянальным узроўні. Сі Цзіньпін адзначыў, што Беларусь размешчана адначасова і ў цэнтры Еўропы, і на новым "Шаўковым шляху" і валодае ўнікальнымі перавагамі для развіцця эканамічнага пояса.