Беларусь гатовая ўдзельнічаць у рэалізацыі праграм па развіцці АПК і транспартнай сеткі ў Туркменістане

11 мая 2016

Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на перамовах з кіраўніком Туркменістана ў пашыраным складзе. Абодва лідары канстатавалі ўзаемную зацікаўленасць у развіцці партнёрства. Закрытых тэм няма. Адзін з перспектыўных напрамкаў - пастаўкі беларускай тэхнікі. Акрамя таго, наша краіна гатовая дзяліцца з Туркменістанам вопытам падрыхтоўкі кадраў па рабочых спецыяльнасцях.

Сёння аб супрацоўніцтве Мінска і Ашхабада можна гаварыць толькі з аптымізмам. У палітыцы праблем няма. Эканоміка краін сёлета можа вырасці да 250-ці мільёнаў долараў. Паспяхова рэалізуецца сумесны калійны праект - будаўніцтва Гарлыкскага горна-ўзбагачальнага камбіната. Прадпрыемства на паўднёвым усходзе Туркменістана беларусы ўзводзяць пад ключ. Асноўныя работы на аб'екце пачаліся ў 2012-м. Кошт кантракта - мільярд долараў.

Гурбангулы Бердымухамедаў, Прэзідэнт Туркменістана: "Нас аб'ядноўвае буйнамаштабны праект - будаўніцтва горна-ўзбагачальнага камбіната па вытворчасці калійных угнаенняў. Вядома, праект грандыёзны, і я думаю, што ў будучыні ён прынясе вельмі добрыя эканамічныя дывідэнды, таму што сам прадукт не толькі запатрабаваны ў АПК, але і ў іншых сферах. Радасна тое, што добра працуе міжурадавая камісія па эканамічным супрацоўніцтве. Я думаю, мы знойдзем яшчэ шмат такіх рэзерваў. Патэнцыял у нас і ў вас ёсць для павелічэння тавараабароту".

Папярэднічаў афіцыйным перамовам урачысты цырыманіял у атрыуме Палаца Незалежнасці. Свайго калегу Аляксандр Лукашэнка вітаў асабіста. Беларусь і Туркменістан звязваюць вельмі даўнія сяброўскія адносіны. А ўзаемадзеянне паміж краінамі выйшла на ўзровень стратэгічнага. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў праходзіла па ўсіх канонах урачыстага цырыманіялу: рота ганаровай варты, гімны дзвюх краін, чырвоная дарожка.

Па выніках афіцыйных перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Гурбангулы Бердымухамедава ў Палацы Незалежнасці падпісаны пакет дакументаў. Пасля абодва прэзідэнты падзяліліся з прэсай ключавымі дамоўленасцямі. Плануецца таксама, што заўтра лідары возьмуць удзел у цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Беларусі. Падрабязнасці ў нашых наступных выпусках.