Беларусь гатова стаць "заходнімі варотамі" для Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

24 июня 2016

Беларусь гатова стаць "заходнімі варотамі" для Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння ў Ташкенце на сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы запэўніў, што Кітай і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва могуць разлічваць на падтрымку Беларусі ў любых пытаннях. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў рэалізацыю праекта па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". У сваю чаргу Сі Цзіньпін падкрэсліў, што беларуска-кітайскія адносіны імкліва набіраюць абароты і па ўсіх пытаннях бакі падтрымліваюць адзін аднаго. Старшыня КНР выказаў падтрымку намаганняў, нацэленых на спакойнае правядзенне парламенцкіх выбараў у нашай краіне, і павіншаваў Прэзідэнта Беларусі з паспяховым правядзеннем Пятага Усебеларускага народнага сходу. Сі Цзіньпін запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Кітай з дзяржаўным візітам і заявіў аб гатоўнасці далейшага паглыблення супрацоўніцтва па ўсіх кірунках. Кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з прэм'ер-міністрам Індыі. Прэзідэнт адзначыў, што беларуска-індыйскім адносінам неабходна надаць дадатковы імпульс. Падрабязнасці - у нашых наступных выпусках.