Тэлеграфнаму агенцтву БелТА споўнілася 100 гадоў

23 декабря 2018

Ва ўмовах глабалізацыі і інфармацыйных войнаў змагацца за кожнае слова прыходзіцца журналістам. Таму асаблівая ўвага да прафесіяналаў гэтай сферы і з боку Прэзідэнта. Падвойная нагода для віншаванняў і ў нашых калегаў - тэлеграфнага агенцтва БелТА. Галоўнаму навінаваму парталу краіны споўнілася сто гадоў!

Узнагароды з прыстаўкай "дзярж" для іх ужо сапраўды па заслугах, бо менавіта БелТА заўсёды на варце інфармацыйных межаў краіны. І даўно стала брэндам айчыннай медыяпрасторы. За 100 гадоў змянілася не адно пакаленне журналістаў, але галоўныя прынцыпы засталіся ранейшымі - аператыўнасць і праўдзівасць. Гэта інфармацыйная догма "белтаўцаў".

Сёння БелТА - гэта не проста навінавая стужка і адзін з самых запатрабаваных інтэрнэт-парталаў, але і перыядычныя друкаваныя выданні: газета "7 дней", часопісы "Экономика Беларуси" і "Беларуская думка". Каля 200 супрацоўнікаў агенцтва суправаджаюць урадавыя сайты, працуюць з пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы - рассылаюць інфармацыю з беларускіх медыяпалёў на 320 адрасоў у Расіі, а таксама здымаюць відэа і робяць стрымы. БелТА ёсць ва ўсіх месенджарах.

Напярэдадні юбілею "белтаўцаў" запрасілі ў Палац Незалежнасці. Многія з супрацоўнікаў пабывалі ў лакацыях, пра якія не раз самі пісалі.

Дзясяткі цырыманіяльных і рабочых залаў з гістарычным падтэкстам у кожнай дэталі гэтым разам апынуліся пад прыцэлам аматарскіх камер сапраўдных прафесіяналаў у сваёй справе. Бо БелТА - гэта не проста абрэвіятура, БелТА - гэта перш за ўсё людзі.

Архіў кампаніі налічвае звыш дзвюх соценьтысяч здымкаў. Большая частка хронікі ўжо пераведзена ў лічбавы фармат, бо гэтыя кадры складаюць гісторыю. Да 100-годдзя Беларускага тэлеграфнага агенцтва ў Нацыянальнай бібліятэцы рэтраспектыва. Лепшае за цэлае стагоддзе. Павіншаваць БелТА на парозе стагоддзя сабраліся дзяржаўныя дзеячы і медыябосы. Тым, чый асабісты лёс так шчыльна пераплятаецца з прафесійным, уручылі нагрудныя знакі, медалі і ганаровыя граматы.

А вось медыйным антыгероем тыдня стаў Клаас Рэлацыус. Гэта адзін з вядучых журналістаў вядомага нямецкага штотыднёвіка Spiegel.

Лаўрэат шматлікіх журналісцкіх прэмій у ЗША, Германіі і іншых краінах проста прыдумляў свае матэрыялы: яркія цытаты, каларытныя персанажы. Дэталі гісторый услаўлены журналіст браў, што называецца, з галавы.

Карэспандэнт прызнаўся ў зробленым. У спісе сфабрыкаванага мінімум 14 матэрыялаў. Хоць у рэдакцыі мяркуюць, што артыкулаў можа аказацца і больш. "Ляпіў" Рэлацыус сенсацыі на самыя розныя тэмы - ад сітуацыі ў турмах да выкрадзеных дзяцей.

Скандал, вядома, гучны. І самога аўтара фэйкаў з часопіса ўжо звольнілі. Дарэчы, сёння Spiegel выходзіць тыражом  725 тысяч друкаваных экзэмпляраў, а ў інтэрнэце часопіс кожны месяц чытаюць яшчэ каля 6,5 мільёна чалавек. Аўтарытэтнае нямецкае выданне вядомае менавіта доўгімі і падрабязнымі рэпартажамі і расследаваннямі. Ды ўжо час у журналісцкае выкарыстанне ўвесці новы выраз: "Хочаш зрабіць добрую сенсацыю - зрабі сам".