Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з дэпутатам Еўрапарламента Раландасам Паксасам

2 мая 2019

Геапалітычная сітуацыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, бяспека, а таксама пытанні будаўніцтва Беларускай АЭС. Сёння гэтыя тэмы ў Палацы Незалежнасці абмеркавалі Прэзідэнт Беларусі і дэпутат Еўрапейскага парламента Раландас Паксас. Палітык раней займаў пасаду Прэзідэнта Літвы.

Раландас Паксас прыбыў з візітам у Мінск па сваёй ініцыятыве. Раней у афіцыйнай якасці ён не наведваў нашу краіну. У размове Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што Беларусь хоча мець мірныя і дружныя адносіны з Літвой. Трэба размаўляць на розныя тэмы – ад агульнай праблемы бяспекі ў рэгіёне да пытанняў будаўніцтва АЭС. Дарэчы, гэтая тэма, на думку беларускага лідара, у Літве вельмі палітызаваная.

Адзначым, што Беларусь і Еўрапейскі парламент вось ужо некалькі гадоў вядуць актыўныя перамовы ў розных сферах. Так, тры гады таму еўрадэпутаты адобрылі распаўсюджванне на Беларусь мандата Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Яны ж будуць вырашаць пытанне спрашчэння візавага рэжыму. Што да Літвы, то гэта не проста сусед, а адзін з вядучых партнёраў Беларусі ў рэгіёне. Так, за 2018 год тавараабарот склаў больш чым паўтара мільярда долараў. Прычым большая частка - якраз экспарт нашай краіны. Таксама ў літоўскай рэспубліцы працуе амаль 250 прадпрыемстваў з беларускімі інвестыцыямі.