Аляксандр Лукашэнка ўручыў генеральскія пагоны прадстаўнікам сілавых ведамстваў

5 июля 2016

Беларускі народ шануе мір і спакой у краіне. Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.

Расказвае Аляксей Адашкін.

Шлях ад сувораўца да генерал-маёра Андрэй Жук пераадолеў роўна за 30 гадоў. За плячамі вучоба ў Маскве і Мінску, а таксама служба ў розных званнях - ад камандзіра мотастралковага ўзвода і да намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання.

Ваенная эліта Беларусі сёння ў Палацы Незалежнасці. Ужо традыцыяй стала, што ў пачатку ліпеня, адразу пасля галоўнага свята краіны, ушаноўваюць людзей у форме. На цырымонію запрошаны лепшыя выпускнікі ваенных ВНУ. Фатаграфіі, зробленыя тут, зусім хутка зоймуць ганаровыя месцы ў падраздзяленнях Узброеных сіл, Камітэта дзяржбяспекі і МНС. Бо ў адной зале сёння вайскоўцы і праваахоўнікі, разведчыкі, ратавальнікі і пагранічнікі.

Міністр абароны вітае сёння Прэзідэнта па ўсіх канонах армейскага статуту. Беларусь праводзіць міралюбную палітыку, адстойваючы свае нацыянальныя інтарэсы. Пра гэта гаворыцца ў нядаўна абноўленай ваеннай дактрыне. Змяненні ў гэты найважнейшы дакумент былі ўнесены ўпершыню за 14 гадоў. Такое патрабаванне часу. Свет вакол пастаянна трансфармуецца, з'яўляюцца новыя пагрозы і рызыкі. Таму і прыёмы па абароне нашых інтарэсаў заўсёды павінны быць актуальнымі.

15 лепшых выпускнікоў ваенных ВНУ былі сёння заахвочаны на самым высокім узроўні. Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена за выдатныя поспехі ў вучобе і ўзорнае выкананне воінскага абавязку. Адна з галоўных задач гэтых спецыялістаў - асваенне новай тэхнікі. Бо абсталяванне арміі і сілавых структур самым сучасным арсеналам - у прыярытэце ў дзяржавы.

Істотна ўзмоцніць баявую моц нашай арміі рэактыўная сістэма залпавага агню "Паланэз". Айчынны ваенпрам стварыў гэтую грозную зброю за два гады. Комплекс перасягае замежных канкурэнтаў па далёкасці агню амаль удвая. Зона паражэння - да 200 кіламетраў. Сістэма зараз праходзіць выпрабаванні, у найбліжэйшы час, ужо ў гэтым месяцы, паступіць на ўзбраенне беларускай арміі.

Прымаць "Паланэз" будуць ракетныя войскі і артылерыя, якімі камандуе Генадзь Казлоўскі. Афіцэр сёння з рук Прэзідэнта атрымаў новыя генеральскія пагоны.

Папоўніў спіс айчынных генералаў і начальнік знакамітай "вучэбкі" ў Печах.

Аб'яднаны навучальны цэнтр - сапраўдная кузня ваенных кадраў. Сёння тут рыхтуюць прафесійных абаронцаў Айчыны амаль па ста спецыяльнасцях.

У мірны час на першы план выходзіць абарона эканамічных інтарэсаў краіны. Сёння генеральскае званне атрымаў і першы намеснік старшыні Мытнага камітэта.

Новыя генералы - гэта прыклад і арыенцір для тых, хто толькі атрымаў дыпломы ваенных ВНУ. Падчас цырымоніі Прэзідэнт сёння звярнуў увагу, што кіраўніцтва рэспублікі і беларускі народ вераць у афіцэраў сілавых ведамстваў. Краіна разлічвае на ініцыятыву і энергію людзей у форме.

Пасля ўрачыстай часткі - зносіны ў нефармальнай абстаноўцы. Першы тост за афіцэраў, якія павінны быць годнымі абаронцамі Айчыны.

Пасля цырымоніі ў Палацы Незалежнасці новыя генералы і выпускнікі ваенных ВНУ раз'ехаліся па месцах сваёй службы. Яны прадстаўляюць розныя ведамствы. Але мэта ва ўсіх гэтых людзей у пагонах адна - падтрыманне бяспекі і абарона нашых нацыянальных інтарэсаў. Без адукаваных і адданых Радзіме афіцэраў немагчыма захоўваць мір, парадак і спакой. А гэта менавіта тыя каштоўнасці, якія сталі звыклымі для Беларусі за 25 гадоў незалежнасці.