Аляксандр Лукашэнка з Сі Цзіньпінам наведваюць Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк "Вялікі камень"

12 мая 2015

Працягваецца дзяржаўны візіт Старшыні КНР у Беларусь. Сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка са сваім кітайскім калегам Сі Цзіньпінам наведваюць Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк "Вялікі камень". Там працуе здымачная група Агенцтва тэленавін. І на сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Сяргей Гусачэнка (прамое ўключэнне).

За 25 кіламетраў ад Мінска, трэба сказаць, у вельмі маляўнічым месцы, мы чакаем прыбыцця двух прэзідэнтаў. Праграма візіту кітайскага лідара была вельмі насычанай і распісаная па хвілінах, але трэці, завяршальны дзень і апошні пункт праграмы - ён менавіта тут. Не прыехаць у індустрыяльны парк старшыня КНР, пэўна, проста не мог. Праект называюць новым этапам беларуска-кітайскіх адносін - пры гэтым палітычнае кіраўніцтва Кітая пазіцыянуе яго ў якасці вузлавой платформы "Эканамічнага пояса Шаўковага шляху". Яшчэ б, бо ў рэзідэнтаў - выхад не толькі на рынкі Еўропы, але і на бязпошлінны амаль двухсотмільённы - Еўразійскага саюза.

Тэрыторыя "Вялікага каменя" - 80 квадратных кіламетраў. Маштаб мы вам наўрад ці зможам паказаць па відэа, але каб было зразумела, па плошчы - гэта як самае вялікае возера Беларусі - Нарач, або цэлых тры горада Маладзечна. Учора падчас Беларуска-кітайскага бізнес-форуму міністр эканомікі агучыў свежыя звесткі: у парку зарэгістраваліся 9 кампаній-рэзідэнтаў. Жаданне выказваюць і іншыя, бо эканамічная зона – асаблівая і прэферэнцыі для вядзення бізнесу тут даволі сур'ёзныя. Дарэчы, ужо зараз гавораць і пра амбіцыйную перспектыву праекта - гучыць лічба агульнага капіталу рэзідэнтаў - 2 млрд долараў.

Само мерапрыемства сёння будзе кампактным: па праграме - каля паўгадзіны, - але для парка, вядома, знакавым. Прэзідэнты наведаюць месца першага этапу будаўніцтва, азнаёмяцца з прэзентацыяй "Вялікага каменя" і апісаннем інвестыцыйных праектаў першымі рэзідэнтамі. Пасля гэтага кіраўніцтва адміністрацыі "Вялікага каменя" ўручыць пасведчанні аб рэгістрацыі сямі рэзідэнтам - сярод іх, дарэчы, ёсць і беларуская кампанія. Паводле папярэдняй інфармацыі, прадстаўнікі яшчэ 13-ці кампаній абмяняюцца дагаворамі аб намеры ўступіць у парк.

Важная дэталь: індустрыяльны парк стане не проста месцам адвёрткавай зборкі, а інавацыйным лакаматывам. Па сутнасці, тут будзе стварацца эканоміка будучыні. Новыя тэхналогіі, якія ў сучасным свеце набываюць усё большае значэнне ў канкурэнтнай барацьбе. Ну а такі ранні пачатак мерапрыемства тлумачыцца проста: адгэтуль Старшыня КНР накіруецца ў аэрапорт - і ўжо ў пачатку дзясятай борт нумар павінен падняцца ў паветра.

Менш чым пра гадзіну мы зноў выйдзем на прамую сувязь і раскажам падрабязнасці.