Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Самарканд

6 октября 2016

Сёння па дарозе з Пакістана ў Беларусь борт № 1 прызямліўся ва Узбекістане.

Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Самарканд, каб асабіста ўшанаваць памяць першага Прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава, які памёр 2 верасня.

Шчыльны рабочы графік і вялікая адлегласць не дазволілі Аляксандру Лукашэнку прыбыць на пахаванне. Аднак па дарозе з Ісламабада ў Мінск Прэзідэнт Беларусі прыняў рашэнне прыляцець у Самарканд. Адразу з самалёта беларускі лідар наведаў могілкі і ўсклаў букет чырвоных руж.

У самаркандскай рэзідэнцыі кіраўніка рэспублікі Аляксандр Лукашэнка перадаў спачуванні ўдаве Іслама Карымава Таццяне.

Разам з Прэзідэнтам Беларусі магілу Іслама Карымава наведаў і выконваючы абавязкі прэзідэнта рэспублікі, прэм'ер-міністр Шаўкат Мірзіёеў. Ужо ў Палацы форумаў падчас кароткай гутаркі Аляксандр Лукашэнка закрануў і тэму будучых адносін Беларусі і Узбекістана. Беларускі лідар запэўніў, што наша краіна застаецца для рэспублікі надзейным сябрам.

Шаўкат Мірзіёеў, выконваючы абавязкі прэзідэнта Узбекістана, прэм'ер-міністр: "Беларусь - гэта наш надзейны, шчыры, даўні партнёр, дружалюбная краіна. Той тавараабарот, які сёння паміж намі існуе, не задавальняе ні вас, ні нас. Мы павінны знайсці тыя пункты судакранання, каб ён вырас".

Чакаецца, што гутарка аб перспектывах развіцця адносін будзе прадоўжана ўжо пасля абрання новага кіраўніка рэспублікі. Згодна з Канстытуцыяй, датэрміновыя выбары ва Узбекістане павінны прайсці 4 снежня.