Менш за месяц засталося да мінскага паўмарафону

15 августа 2015

Менш за месяц засталося да мінскага паўмарафону - забегу, у якім галоўнае - пераадолець сябе. На афіцыйным сайце актыўна вядзецца рэгістрацыя ўдзельнікаў, а арганізатары распавялі аб прызавым фондзе. У Беларусь з Сінгапура едзе 19 000 медалёў. Сваю ўзнагароду незалежна ад выніку атрымае кожны ўдзельнік забегаў. А іх будзе 3: на 5, 10 кіламетраў і, уласна, сам паўмарафон - гэта 21 кіламетр і 97 метраў. Як патрапіць у цэнтр падзей, а можа, нават і перамагчы, даведалася Алена Гарэльчык.

Яны збіраюцца ў парках кожны чацвер. Людзі, спачатку знаёмыя толькі па сацсетках, праз некаторы час становяцца амаль роднымі. Іх аб'ядноўвае бег.

Кароткая размінка перад стартам, усе дружна адпраўляюцца на дыстанцыю, працягласць якой кожны выбірае сам. Сёння гэтыя хлопцы і дзяўчаты рыхтуюцца да паўмарафону.

Зарэгістравацца для ўдзелу ў паўмарафоне можна на афіцыйным сайце. Зважаем: апошні дзень - 9 верасня. У анкеце трэба напісаць свае даныя: імя, прозвішча, дата нараджэння, электронны адрас, кантактны тэлефон, - і выбраць дыстанцыю. Калі гэта пяць кіламетраў - удзел у забегу бясплатны, калі 11 км або паўмарафон - стартавы ўнёсак 11 еўра. Абавязкова пацвердзіць, што вы несяце асабістую адказнасць за стан свайго здароўя і, нарэшце, націснуць кнопку "Адправіць".

На гэты момант удзельнічаць у паўмарафоне выявілі ахвоту каля 2000 чалавек. Сярод іх 300 замежнікаў. Для апошніх, дарэчы, беларуская віза будзе бясплатнай.

Паўмарафон пройдзе ў цэнтры Мінска. Са стартам і фінішам ля Палаца спорту. Рух транспарту, зразумела, на гэты час будзе перакрыты.

У маршруце задзейнічаныя праспекты Пераможцаў і Незалежнасці, вуліцы Валадарскага, Карла Маркса, Энгельса, Камуністычная, Куйбышава, Багдановіча, Янкі Купалы, плошчы Незалежнасці і Перамогі.

Некалькі пунктаў харчавання, 8 сцэнічных пляцовак па ўсёй дыстанцыі, дапамагаць правесці паўмарафон будзе каля тысячы валанцёраў.

Міністр спорту Аляксандр Шамко таксама вырашыў скласці кампанію Максіму Рыжанкову, праўда, на дыстанцыі ўдвая карацейшай. Кожны ўдзельнік паўмарафону незалежна ад выбранай адлегласці пройдзе чыпаванне. Гэта значыць, што на фінішы ў яго будзе дакладны час. А вось прызавы фонд - на сёння гэта мінімум 252 мільёны рублёў - падзеляць першыя шэсць чалавек, якія фінішавалі ў абсалютным заліку ў паўмарафоне або 10 кіламетрах.