Адзіны ў Беларусі музей народнай медыцыны знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці

2 декабря 2015

Некаторыя традыцыі і сакрэты даўніны дайшлі да нас дзякуючы пераемнасці пакаленняў, некаторыя старажытныя рэцэпты вясковай магіі беражліва захоўваюць неабыякавыя і ўлюбёныя ў гісторыю і сваю справу людзі. Яркі прыклад таму - адзіны ў Беларусі музей народнай медыцыны ў Брэсцкай вобласці. Тут упэўнены, што сакрэты доўгажыхарства і моцнагаздароўя нам даўно падказала прырода. Карысную экспазіцыю наведала Вікторыя Патоня.

Зверабой, рамонак, мята, чарніцы, шыпшына… У карысным музеі толькі духмяных экспанатаў больш за 120. Усе яны з нашых лясоў і садоў. У вёсцы Стрэльна захоўваюць сакрэты беларускай фітатэрапіі, правераныя вякамі.

Асноўная экспазіцыя Дома траўніка размяшчаецца на гарышчы. І гэта невыпадкова. Па добрай традыцыі нашы бабулі высушвалі лекавыя травы менавіта пад дахам.

Даўнія рэцэпты лячэння зёлкамі музею перадалі мясцовыя траўніцы. Большасць сакрэтаў вясковай тэрапіі, зафіксаваных са слоў знахарак, захоўваюць ў рукапісах. Сёння справу працягваюць супрацоўнікі музея. Самі высушваюць травы і гатуюць зборы. Абавязкова абапіраюцца на вопыт і тэхналогіі продкаў.

Нашы продкі ведалі: корань жэньшэня карысны на працягу сямі гадоў, чарніцы дапамагаюць умацаваць зрок, а пустырнік і меліса супакойваюць нервовую сістэму. У спецыяльным пакоі сабраны і рэцэпты векавой жаночай мудрасці. Своеасаблівы фальклорны дапаможнік аб сямейным дабрабыце і выхаванні дзяцей.

Лячэнне травамі не адмаўляе і традыцыйная медыцына. У беларускіх здраўніцах асабліва папулярныя фітабары. Прапануюць гарбаты для супакаення, прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, асабліва рэкамендуюць людзям для лячэння страўніка. Настоі на лекавых раслінах выкарыстоўваюць і для інгаляцый.

Елена Свірыдава, урач-фізіятэрапеўт Брэсцкай абласной бальніцы: "Травалячэнне дагэтуль прымяняецца ў сучаснай медыцыне і ў сучасным свеце, таму што ёсць такія пацыенты, якія не заўсёды могуць прыняць лекавае лячэнне, у іх ёсць алергія. Травы аказваюць працяглае дзеянне, але значна больш мяккае ў параўнанні з лекавымі прэпаратамі".

Зараз у палескім Доме траўніка працуюць над пашырэннем экспазіцыі. Да 25-годдзя музея тут плануюць адкрыць фітабар і гасцёўню з дэгустацыяй лекавых гарбат і сакрэтамі беларускай кухні.