Аляксандр Лукашэнка наведае з візітам Італьянскую Рэспубліку і Дзяржаву Ватыкан

17 мая 2016

Як паведаміла прэс-служба Прэзідэнта Беларусі, 20-21 мая Кіраўнік дзяржавы наведае з візітам Італьянскую Рэспубліку і Дзяржаву Ватыкан.

Запланаваныя перамовы з Прэзідэнтам Італіі Серджыа Матарэлай.

На сустрэчы мяркуецца разгледзець увесь спектр беларуска-італьянскіх адносін, перспектывы іх развіцця. Размова, у прыватнасці, пойдзе пра супрацоўніцтва ў сферах інфармацыйных тэхналогій, аўтамабілебудавання, вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і харчовай прадукцыі, тэкстыльнай галіны, металургіі, дрэваапрацоўкі і энергетыкі.

Асобную ўвагу плануецца надаць фарміраванню паўнавартаснай нарматыўнай базы беларуска-італьянскіх адносін. Падчас візіту ў Дзяржаву Ватыкан адбудзецца сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Папам Рымскім Францыскам. На ёй будзе абмяркоўвацца далейшае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Рымска-каталіцкай царквой.