Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сітуацыяй у аграэкатурызме Віцебскага рэгіёна

4 августа 2016

Трэцім пунктам рабочай паездкі Прэзідэнта па Віцебскай вобласці значылася азнаямленне з сітуацыяй у аграэкатурызме рэгіёна. А тут, пагодзьцеся, з улікам прыродных умоў і маляўнічай прыгажосці ёсць і на што паглядзець, і што паказаць. А значыць - турыстычная галіна запатрабаваная і рэнтабельная. Аднак і тут ёсць свае падводныя камяні.

Беларусь сінявокая. Так вобразна завуць нашу краіну менавіта за вось гэтыя краявіды. Браслаўскі раён - як блакітныя каралі на карце рэспублікі. Азёр вялікіх і маленькіх у наваколлях больш як шэсць дзясяткаў. Сам бог загадаў развіваць тут курортную зону, якая гасцям дасць магчымасць аздаравіцца і адпачыць, а мясцовым жыхарам добра зарабіць.

Першародная прырода і незвычайны рэльеф ледніковага перыяду зрабілі Браслаўскі край адным з самых прыгожых куткоў Беларусі. Азёрная група тут самая буйная ў краіне. Браслаўскі нацыянальны парк утвораны ў 1995 годзе для захавання гэтых прыродных багаццяў. Тут жывуць 200 відаў птушак, 45 розных млекакормячых і 34 віды рыб. Турыстаў чакаюць як класічныя аграсядзібы, так і базы адпачынку еўрапейскага ўзроўню. Адзін з прыкладаў - туркомплекс "Грын-клаб".

Вольга і Дзмітрый Арловы прыехалі сюды, на возера Снуды, з Санкт-Пецярбурга. У Беларусі маладыя людзі ўпершыню. Да гэтага адпачывалі і ў Еўропе, і на экзатычных астравах. Таму параўнаць гэтым падарожнікам ёсць з чым.

Нават знакамітасці палюбілі гэты турыстычны комплекс. За рыбалкай тут мы заспелі і майстра гумарыстычнага жанру, нашага земляка Вадзіма Галыгіна. Вядомы шоумен прывёз на адпачынак у Беларусь і свайго калегу па забаўляльным цэху - Аляксея Ліхніцкага, аднаго з удзельнікаў дуэта "Сёстры Зайцавы".

Турыстычны комплекс "Грын-клаб" адкрыўся чатыры гады таму. Да паслуг гасцей - пяць камфартабельных катэджаў. Праект запусціў бізнесмен з Мінска Уладзімір Хадыка, які спачатку пабудаваў тут дачу для сябе. З часам прадпрымальнік вырашыў, што можа на гэтай зямлі стварыць умовы для адпачынку і іншых. А заадно і зарабіць на турызме.

Віцебская вобласць - у лідарах па колькасці аграэкасядзіб. Тут іх больш як шэсць сотняў. У адным толькі Браслаўскім раёне сельскіх дамоў адпачынку без малога тры сотні, што перавышае іх агульны лік у Гомельскай вобласці. І колькасць такіх аб'ектаў гасціннасці расце. Часам у самых прыгожых месцах, прылеглых да вадаёмаў, складаней за ўсё атрымаць дазвол на будаўніцтва аграсядзіб. Сёння Прэзідэнту прапанавалі спрасціць працэдуру з'яўлення новых турыстычных комплексаў.

Для турыстаў на Браслаўшчыне распрацаваныя цікавыя экскурсійныя праграмы, пешыя, водныя і аўтамабільныя маршруты. Шмат арганізуецца паляўнічых тураў. Праводзіцца і пяць буйных фэстаў. На "Віва Браслаў", да прыкладу, плануе прыехаць 16 000 гасцей. Гэта напалову больш, чым жыхароў гэтага горада. Далейшае развіццё курорта дазволіць ператварыць яго ў сапраўдную здраўніцу. А гэта прывядзе да росту працоўных месцаў і росквіту рэгіёна. Для гэтага важна кожны кавалачак браслаўскай зямлі выкарыстаць з розумам.

Шмат сярод адпачывальнікаў і замежнікаў. У "Грын-клабе" ўжо спыняліся госці не толькі з Расіі, але і з далёкіх Саўдаўскай Аравіі, Паўднёвай Афрыкі і Швейцарыі. Гаспадары комплексу ўжо будуюць планы па пашырэнні тэрыторыі сядзібы і будаўніцтве дадатковых катэджаў. У падарунак Прэзідэнту сёння падарылі выразаную мясцовымі майстрамі з дрэва рыбу лін - копію аднаго з самых шматлікіх насельнікаў тутэйшых азёр.

Не толькі прыгожыя малюначкі, але і перспектыўныя сферы для вядзення бізнесу. Браслаўскія азёры ўпэўнена ператвараюцца ў папулярны сярод турыстаў рэгіён. Калі беларусы на сваёй зямлі займаюцца справай з душой, гэта заўсёды прыносіць прыкметны вынік.